«Тут ніхто не памрэ»

Рэжысёр: Аркадзь Несцярэнка Год: 2020

Героі рэпартажу Наталля, Таццяна і Юлія жывуць у Віцебску, Менску і Магілёве. Кожная страціла матулю праз COVID-19.

Наталля страціла маці адною з першых у Беларусі, яшчэ да таго, як Міністэрства аховы здароўя пачало весці статыстыку трагічных выпадкаў у сувязі з эпідэміяй каронавіруса. Маці Таццяны баялася прызнацца дактарам у наяўнасці сімптомаў хваробы, яна баялася, што суседзі з палаты і медыкі будуць смяяцца з яе. Пасля смерці мамы ад магілёўскіх чыноўнікаў Юлія пачула: «Вы не дакажаце, што вашая мама захварэла на працоўным месцы». Пераадольваючы сорам і боль, жанчыне давялося дабівацца чалавечага стаўлення з боку кіраўніцтва магілёўскай паліклінікі, дзе працавала ейная маці.

Героі рэпартажу дзеляцца асабістымі гісторыямі, а таксама згадваюць атмасферу першай хвалі каронавіруснай інфекцыі ў Беларусі, калі на найвышэйшым узроўні праблема высмейвалася і ўлады рабілі ўсё, каб мінімізаваць значнасць COVID-19.

Андрэй Стрыжак, каардынатар кампаніі «ByCovid19» і адзін з заснавальнікаў Фонду салідарнасці BYSOL, згадвае, як падчас першай хвалі каронавіруса ў Беларусі «дзяржаўная сістэма рабіла ўсё дзеля таго, каб нівеляваць значэнне гэтай хваробы, каб падкрэсліць яе нязначнасць, адсутнасць небяспекі для людзей, і гэта прыводзіла да таго, што ў людзей было вельмі шмат недаглядаў у той момант».

Улады дасюль не агучваюць звестак пра смяротнасць ад каронавіруса сярод медычных працаўнікоў. Дый афіцыйныя звесткі адносна захворвання выклікаюць сумневы ў медыкаў.

Загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Больніцы хуткай медычнай дапамогі ў Віцебску Уладзімір Мартаў ды анестэзіёлаг рэанімацыі Віцебскай больніцы хуткай медычнай дапамогі Расціслаў Савіцкі згадваюць першыя дні працы «на перадавой», якія праходзілі па-за чалавечымі магчымасцямі. А таксама адказваюць на пытанні, што яны маглі б змяніць у сваёй працы, калі б ведалі сапраўдны лік хворых на COVID-19.

Паводле сацыялагічнага даследавання Андрэя Вардамацкага, незадаволенасць рэакцыяй ураду на сітуацыю падчас першай хвалі эпідэміі – адзін з галоўных фактараў, які прывёў да пратэстаў у Беларусі. Маштабны рух дапамогі медыкам даў досвед самаарганізацыі, які працягвае выкарыстоўвацца ў часе рэвалюцыі.

Рэпартаж быў зняты ў першую хвалю эпідэміі каронавіруса ў Беларусі – у чэрвені – ліпені 2020 года.

Рэпартаж, аўтары Аркадзь Несцярэнка і Дзяніс Дзюба, 2020 г., Беларусь

Калаж з фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum