Спартоўцы з народам

Рэжысёр: Дашкевіч Алег Год: 2020

Па праспекце Пераможцаў у бок Драздоў ідзе вялізная калона людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатамі. Сярод гэтае плыні вылучаецца вялікі транспарант «Спартоўцы з народам», які папераменна нясуць вядомыя беларусы, прызёры чэмпіянатаў свету, Еўропы і Алімпійскіх гульняў: баскетбалісты Алена Леўчанка і Ягор Мешчаракоў, плыўчыха Аляксандра Герасіменя, самбіст Сцяпан Папоў ды іншыя падпісанты знакамітага ліста «Спартоўцы супраць гвалту».

«Мы абураныя тым, што адбываецца ў краіне, гэтым гвалтам, маной, несправядлівасцю, таму мы тут кожны раз, як народ выходзіць на свае маршы. Мы разам з народам», – заяўляе Алена Леўчанка.

Улады не пакінулі без увагі заявы спартоўцаў.

Школа плавання Аляксандры Герасімені была закрытая, бо адміністрацыя басейну «Лазурны» не працягнула ёй арэнду.

«Мяне не дзівіць, што маю школу выкінулі з басейну «Лазурны», бо ўсе мы разумеем, у якой краіне і ў які час мы жывем, – кажа Аляксандра Герасіменя. – Але гэткая акалічнасць не памяняе маёй пазіцыі ніяк. Мы хочам, каб у нашай краіне запанавала справядлівасць і спыніўся гвалт».

Прыходзіць навіна пра арышт Алены Леўчанкі. Ейныя сябры, калегі і знаёмыя аб’ядноўваюць высілкі, каб дапамагчы і падтрымаць зняволеную.

Абодва бакі паказалі сваю рашучасць.

«Зваротнага шляху няма. Пункт невяртання мы ўжо прайшлі ў жніўні. Беларусы не будуць ранейшыя, гэта – 100 %. Ключавое слова, мабыць, «цярплівасць». Трэба сапраўды набрацца цярплівасці, не страчваць вытрымкі. Я б параўнаў гэта з нейкімі матчамі плэй-оф, матчамі навылет – нельга цяпер расслабіцца, паддацца эмоцыям. Працэс ідзе да новай Беларусі», – мяркуе Ягор Мешчаракоў.

Рэпартаж, аўтар Алег Дашкевіч, 2020 г., Беларусь