Плошча Перамен

рэж. Антось Цялежнікаў, 2020

Менскія спальныя раёны вядомыя сваім спакойным ладам жыцця, нічога асаблівага там не адбывалася. Пасля працы людзі вяртаюцца дахаты, каб адпачыць і пераначаваць. Аднак усё змянілася ў жніўні 2020 года, калі ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары.

Упершыню людзі сабраліся ў сваіх раёнах ля выбарчых участкаў, чакаючы вынікаў. Замест сапраўдных вынікаў атрымалі сфальшаваныя, што змусіла выйсці тысячы людзей на вуліцы гарадоў і мястэчак. Дайшло да брутальных сутычак з міліцыяй і арыштаў дэманстрантаў. Пратэсты перанесліся таксама ў спальныя раёны, дзе людзі стваралі жывыя ланцугі салідарнасці, ладзілі маршы і дэманстрацыі. Раней у Беларусі гэтага не было.

Жыхары Менску пачалі збірацца ў свае рэвалюцыйныя супольнасці. Адным з найбольш вядомых стаўся жылы квартал у Новай Баравой. Пачыналася ўсё з супольных спеваў праз вокны, выгуквання рэвалюцыйных слоганаў. Затым людзі пачалі сустракацца ў сваіх дварах і арганізоўваць мітынгі, канцэрты, перформансы, розныя выступы.

Але найбольш канфрантацыйнымі сталіся акцыі з вывешваннем бел-чырвона-белых сцягоў на дамах і паміж імі. Гэткім чынам жыхары раёнаў хацелі выказаць свой пратэст супраць дзейных уладаў і непрызнанне вынікаў выбараў. Нацыянальныя сцягі сталіся сімвалам супраціву. І ўлады намерыліся змагацца з гэтымі сімваламі, высылаючы адмысловыя міліцэйскія групы ў масках з падтрыманнем пажарных аўтамабіляў. Аднак на месцы сарваных сцягоў шторазу з’яўлялася яшчэ больш новых. Жыхары адважна баранілі іх перад сілавікамі.

Тады ў двары першы раз у гісторыі прыехалі аўтазакі з АМАПам. Спальныя кварталы ператварыліся ў сапраўдную арэну грамадзянскага супраціву, што не гасне ўжо амаль як 2 месяцы ва ўсёй Беларусі.

Рэпартаж, рэжысёр Антось Цялежнікаў, 2020 г., Беларусь

Больш фiльмаў