Незалежнае тэлебачанне 1990-х

рэж. Дашкевіч Алег, 2019

На пачатку 1990-х у Беларусі з’явіліся першыя незалежныя тэлевізійныя кампаніі. Яны раслі як грыбы пасля дажджу, – спачатку ў сталіцы, пазней у правінцыі. Падмуркам незалежнага тэлебачання былі новыя ідэі ў грамадстве, апантанасць яго заснавальнікаў і патрэбы часу.

Праграмы тэлекампаніяў «ММ4», «МКТ», «Рамас» ішлі ў эфір першага незалежнага «Восьмага тэлевізійнага каналу» ў Менску, які пазней зрабіўся легендаю.

Тэлекампаніі імкліва развіваліся ды хутка набіралі папулярнасць – хіба таму, што ў іх не было дзяржаўнай закаснеласці. Яны не баяліся эксперыментаваць з формай і зместам праграмаў, хутка засвойвалі такія навінкі, як жывы эфір, непадцэнзурныя трансляцыі, тэлевізійная рэклама. Заснавальнікі новага тэлебачання не баяліся ўкладаць грошы ў новае. Яны наагул рызыкавалі – не толькі ўласнымі грашыма, але свабодай і нават жыццём.

Пачаткоўцы новага тэлебачання былі амбітныя, дзейныя і дзёрзкія, але разам з тым недасведчаныя ў каляўладных механізмах ды камбінацыях, і ў нейкай ступені… наіўныя. Кінуўшы ўсе сілы ў новую Беларусь, у перамены, у развіццё краіны і грамадства, яны не заўважылі, як нібыта новае абярнулася закамуфляваным старым. Незалежнае тэлебачанне было не тое каб не патрэбнае, але нават небяспечнае.

Што стала з тымі асобамі ды тэлекампаніямі, якія стваралі недзяржаўнае тэлебачанне 1990-х? Што яны думаюць пра той час, пра ўласныя поспехі ды памылкі? На што спадзяюцца сёння? Ці дасць ім гісторыя яшчэ адзін шанец рэалізаваць свае памкненні? Ці хопіць ім моцы, калі такі шанец з’явіцца, – пра гэта фільм Алега Дашкевіча «Незалежнае тэлебачанне 1990-х».

Каментары