Над Нёмнам

рэж. Куціла Андрэй, 2020

Маленькі Гоша жыве ў Орлі над Нёмнам і пакуль не вызначыўся, кім быць.

Ягоны дзядуля амаль усё жыццё прысвяціў працы ў мясцовым шпіталі, а тата ўзначальвае амбулаторыю – цэнтр мясцовае «цывілізацыі». Сюды з аколіцы штодня сцягваецца народ – падлячыцца ды пагутарыць. Па абедзе шасцігадовы хлопчык назірае, як тата, зняўшы доктарскі халат, упарта круціць балты ды гайкі, спрабуе чарговы раз вярнуць да жыцця стары савецкі камбайн – фермеру трэба ехаць у поле малаціць жыта, пасля заганяць авечак і даіць кароў. Гоша дапамагае ды адначасна спазнае навакольны свет.

На ўскрайку вёскі месцяцца старыя жыдоўскія могілкі. Мала хто з цяперашніх вяскоўцаў згадвае, што сталася з былымі насельнікамі – іншае жыццё, іншыя клопаты. Доктар распавядае сыну гісторыю мястэчка, марыць, што Гоша застанецца працаваць на роднай зямлі. Аднак пакуль хлопчык проста жыве, усміхаецца, гуляецца. На тое яно і дзяцінства, каб не думаць пра будучыню.

Рэжысёр Андрэй Куціла, Беларусь, 2020 г.

Больш фiльмаў