На паласе перашкодаў

Рэжысёр: Воранава Вольга Год: 2020

Некаторы час таму ў Беларусі з’явіліся гонкі з перашкодамі. Гісторыя iх з’яўлення вядзе ў глыб стагоддзяў, калі чалавеку было неабходна штодня змагацца за жыццё, і гэта была далёка не забаўка, а жыццёвая неабходнасць – паляванне, войны, цяжкая фізічная праца. Пад уплывам урбанізацыі ды цывілізацыі шмат якія навыкі выжывання зрабіліся чалавеку папросту не патрэбныя. Людзі з часам сталі iх пазбаўляцца. І дарэмна…

Калі нашае рэальнае жыццё поўнае і насычанае – у iм шмат яркіх фарбаў і перажыванняў, якія робяць нас жывымі. Але калі мы самі сабе не адказалі на пытанне «У чым сэнс жыцця?», калі ў нас сумныя, аднастайныя будні, а праца – руцінны функцыянал, то нашая «душа паэта» ўсё роўна нечага прагне, чагосьці шукае нават у гэтай шэрай твані. Тады мы імкнемся да моцных перажыванняў, якія прыносяць хаджэнне па грані, балансаванне паміж «атрымаецца» ці «не атрымаецца».

Гонкі з перашкодамі – гэта трэйлавая дыстанцыя з вялікай колькасцю штучных выклікаў: бар’еры, разнастайныя рукаходы, перанос цяжараў, пераадоленне бруду, халоднай вады і агню, практыкаванні на баланс і каардынацыю. Звычайна гонкі ладзяцца па-за горадам, каб скарыстаць горны рэльеф, рэкі, азёры, лясныя завалы і даць магчымасць удзельнікам адпачыць ад мітусні гораду і пацешыцца прыродзе. Тут ствараюць магчымасць для людзей любога веку і ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі стаць лепшай версіяй сябе, перажыўшы ўнікальны досвед, кінуць сабе выклік. Што з гэтага атрымліваецца, глядзіце ў рэпартажы «На паласе перашкодаў».

Рэж. Вольга Воранава, 2020