Мой грэцкі брат

Рэжысёр: Растоцкая Кася Год: 2020

Фільм пра тое што беларус у беларусе заўжды «прарасце». Нават, калі ты жывеш у Грэцыі і ніколі не бачыў Палесся, адкуль паходзяць твае продкі – аднойчы ты захочаш размаўляць па-беларуску!

Алеся Ігнатовіч нарадзілася і вырасла на Палессі. Зараз яна жыве і працуе ў Маскве, дзе ў яе сям’я і бізнес. Аднойчы італьянскі сябра Алесі знайшоў у Інтэрнэце спасылку на грэцкага дзіджэя – Грэга Ігнатовіча.

– Паглядзі, мо гэта твой брат? – запытаў ён у дзяўчыны.

Алеся толькі пасмяялася:

– Дзе Беларусь, а дзе Грэцыя! Так не бывае!

Так пачалася гэтая гісторыя.

Спачатку Алеся напісала Грэгу і спыталася, навошта той узяў яе прозвішча? Грэг вырашыў, што гэта нейкая дзівачка з яго фан-клубу такім незвычайным спосабам вырашыла з ім пазнаёміцца.

Пазней ад сваякоў дзяўчына даведалася, што пасля Другой Сусветнай вайны яе дваюрадны дзед з сям’ёй пераехаў у Расею. А ўжо адтуль яго нашчадкі перабраліся ў Салонікі, ды сувязь з імі перарвалася.

У хуткім часе адбылася першая сустрэча брата і сястры.

Але далей – больш!

Гэтая гісторыя падштурхнула Алесю да пошукаў. Хто такія Ігнатовічы? Дзе яны жылі? Чым займаліся? Дзякуючы архівам, яна змагла адшукаць сваіх продкаў да 18 стагоддзя.

Але галоўнае – знайшла родных братоў Кузьму і Паўла Ігнатовічаў, ад якіх пайшоў род Алесі і род Грэга. А жылі тыя браты ў 19 стагоддзі і былі надта заможныя…

Зараз Грэг і Алеся сустракаюцца рэгулярна. Ды мараць разам паехаць на Палессе, дзе захаваўся стары дом Ігнатовічаў.

Пад час чарговай сустрэчу брата і сястры ў Салоніках Грэг паказвае Алесі свае ўлюбёныя месцы і пакрысе вучыцца ад яе гаварыць па-беларуску.

І ён яшчэ не ведае, які сюрпрыз падрыхтавала для яго Алеся…

Рэпартаж, рэжысёрка Кася Растоцкая, 2020 г., Беларусь