Канцэрт жыцця

Рэжысёр: Мікалай Ваўранюк Год: 2019

Гісторыя пра адну з самых яскравых з’яваў апошніх гадоў на беластоцкім Падляшшы, якая аб’яднала мясцовых беларусаў: «Канцэрт пажаданняў» на беларускім радыё «Рацыя».

Гэты канцэрт – ці не найважнейшая падзея тыдня для беларускай грамады Беласточчыны. Яго слухаюць незалежна ад узросту, месца жыхарства, прафесіі ці адукацыі.

«Гэта нашая вячэрня. Тры гадзіны, ад пачатку да канца перадачы мы ўсе слухалі», – кажа сталы слухач канцэрту спадар Янка.

Сужэнства сталага веку перад улюбёным эфірам мыецца ды апранаецца па-святочнаму. Канцэрт слухаюць як сродак супраць самоты, так і разам з суседзямі за святочным сталом, на забаўляльных імпрэзах, у шпіталі, на ферме, дзе дояць кароў, ці падчас працы ў трактары.

Пазней яшчэ некалькі дзён абмяркоўваюць з суседзямі эфір, якія былі песні, хто каму перадаў пажаданні, а каму не ўдалося дазваніцца. А каму ўжо ўдалося, можна казаць доўга, каб павітаць усіх родных і знаёмых як на радзіме, так і за мяжою, адкуль, зрэшты, таксама ляцяць пажаданні ў адказ.

У эфіры радыё размаўляюць па-беларуску, па-польску і на ўсіх магчымых гаворках, якія можна пачуць штодня на Беласточчыне. Для адных гэтая «свойскасць» – вяртанне ў дзяцінства, маладосць, для іншых – адчуванне вартасці сваёй музыкі і мовы ў эфіры радыёстанцыі.

Гэты канцэрт – адказ на людскую патрэбу дзяліцца сваймі смуткамі і радасцямі з іншымі. Слухачы кажуць пра асабістыя справы, але ў іхных словах прасочваюцца і праблемы рэгіёну: старэнне вёскі, праблемы з працаю, эміграцыя моладзі. Гэты фільм – своеасаблівая кінапанарама вялікай часткі Падляшша. І гэтая панарама часам смутная, а часам вясёлая, нават смешная. Словам, канцэрт жыцця.