Каардынатарка – гэта я. Чаму жанчыны выйшлі на вуліцы

рэж. Несцярэнка Аркадзь, 2020

Жаночыя акцыі салідарнасці сталіся тым драйверам, які дадаў беларускаму пратэсту моцы і падарыў надзею ў момант, калі здавалася, што ўлады краіны здолелі гвалтам спыніць беларускую рэвалюцыю. За два месяцы пратэстаў жанчыны з кветкамі ў руках і ў белых сукенках зрабіліся сімвалам новае Беларусі, вядомым на ўвесь свет.

Гераіні рэпартажу – 19-гадовыя жыхаркі Менску, якія да 2020 года актыўна не цікавіліся палітычным жыццём. Яны распавядаюць, чаму пастанавілі далучыцца да жаночых акцыяў пратэсту, і разважаюць пра тое, хто каардынуе жаночы рух у Беларусі.

«Я, мая сяброўка, мая мама, суседка з катом, у якой няма інтэрнэту. Кожная жанчына каардынуе, кожны мужчына каардынуе. Калі б не было гвалту, калі б не было таго, супраць чаго мы выходзім, – ніякіх акцыяў не было б. Кожны з нас каардынуе народны пратэст у выхадзе на вуліцу, у блакаванні дарог, у расклейванні абвестак, распаўсюдзе газет, у стварэнні муралаў – гэта ўсё ў кожным з нас», – кажа Ксенія.

Сваім досведам дзеляцца і суарганізатарка фем-групы Каардынацыйнае рады Юлія Міцкевіч ды актывістка ініцыятывы «Маршыруй, дзетка» Святлана Гатальская. Яны распавядаюць, якія пытанні ў часе допытаў задаюць працаўнікі сілавых структураў, сярод каго шукаюць каардынатарак пратэстаў, а таксама апісваюць асабісты турэмны досвед.

«Яны нас баяцца. Я гэта вельмі выразна адчула. Быў такі момант, калі да нас на Акрэсціна прыйшоў мужчына. Мы не зразумелі, хто гэта, здалося, што нехта з кіраўніцтва Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў. Ён паставіў нас, пачаў істэрычна крычаць: «Жанчыны, калі вы супакоіцеся, я ўжо не магу, не магу гэтага ўсяго вытрымліваць!» І, з аднаго боку, ён нібыта крычаў на нас, а з другога – гэта была мальба. Ім сапраўды складана. Іх гэта вельмі раздражняе, яны хацелі б, каб мы зноў вярнуліся на кухні варыць баршчы, і таму іх вельмі раз’юшвае жаночы пратэст», – кажа Юлія Міцкевіч.

Праз ціск сілавое машыны Беларусі жаночыя акцыі былі вымушаныя эксперыментаваць і мяняць фарматы, але ідэя мірнага і негвалтоўнага пратэсту, якую ўвасаблялі жаночыя акцыі жніўня і верасня 2020 года, застаецца галоўнай у беларускай рэвалюцыі.

Рэпартаж, аўтар Аркадзь Несцярэнка, 2020 г., Беларусь

Больш фiльмаў