Госці – лепшы дак.фільм конкурсу «Лістапад-2015»

Рэжысёр: Куціла Андрэй Год: 2015

Стужка «Госці» будуецца на ўважлівым і працяглым назіранні за жыццём унікальнага паселішча ў Беларусі – першага і, бадай, адзінага нефармальнага прытулку для бедных і знямоглых людзей.

Галоўны герой фільму Аляксей Шчадроў калісьці працаваў фельчарам у «Хуткай дапамозе». Па выкліках часта даводзілася забіраць на вуліцах бяздомных людзей, але праз некалькі кіламетраў брыгада зноў выкідала іх на вуліцу. Трапіўшы за краты, Аляксей сам аказаўся нікому не патрэбны. Турма перавярнула светапогляд былога фельчара. Яго ідэалам стала маці Тэрэза – увасабленне хрысціянскага ўзору трываласці, міласэрнасці ды любові да адрынутых. Па вызваленні Аляксей некалькі гадоў бадзяўся і жыў пры касцёлах.

Пасля пасяліўся ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну, дзе зарганізаваў незвычайны прытулак, стаў прымаць і даглядаць бедных, хворых, бяздомных людзей, дапамагаць ім аднавіць дакументы і вярнуцца да нармальнага ладу жыцця. Неўзабаве неабыякавыя беларусы пачалі дапамагаць прыстанку ежай, адзеннем ды іншым. Але мясцовым уладам ініцыятыва Аляксея прыйшлася недаспадобы. З самага заснавання і цягам трох гадоў складанага існавання чыноўнікі прымушалі былога фельчара зачыніць прытулак. У пошуках ахвяраванняў і духоўнага падтрымання Аляксей выправіўся ў Італію…

З Аляксандраўкі даходзяць весткі, што прытулкам Аляксея Шчадрова зноў зацікавілася міліцыя. Існуе пагроза, што бяздомнікаў могуць пазбавіць даху над галавой.

Узнагароды і фестывалі:

  • Найлепшы дакументальны фільм у Нацыянальным конкурсе міжнароднага фестывалю «Лістапад» (Менск, Беларусь 2015)
  • Удзел у конкурснай праграме Міжнароднага дакументальнага фестывалю «World Film Festival» (Тарту, Эстонія 2016)
  • Паказ ў рамках пазаконкурснай праграмы на фестывалі «GoEast» (16th Festival of Central and Eastern European Film Wiesbaden, Вісбадэн, Нямеччына)
  • Удзел у конкурснай праграме Міжнароднага дакументальнага фестывалю «Filmfest Eberswalde Provinziale» (13th Filmfest Eberswalde Provinziale, Эбэрсвальдэ, Нямеччына 2016). Фільм адкрываў праграму фестывалю
  • Паказ у межах онлайн-фестывалю BELARUSDOCS арганізаванага парталам TUT.BY
  • Удзел у конкурснай праграме Міжнароднага дакументальнага фестывалю «Off Cinema» у Познані (Польшча 2015) – (19th International Documentary Film Festival Off Cinema (Poznań, Polska)
  • Дыплом Міжнароднага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» (Менск – Глыбокае, Беларусь 2015) за прафесійны паказ ролі і адказнасці асобы ў справах міласэрнасці