Амерыканская мара па-беларуску


Яшчэ «за польскім часам» жыхары вёскі Альшаны (цяпер у Столінскім раёне Берасцейскае вобласці) асвоілі шлях на далёкі амерыканскі кантынент.

1939 год перайначыў жыццё і планы на будучыню. Тыя, хто да 17 верасня не паспеў вярнуцца на Радзіму, сталі амерыканцамі, а тыя, хто застаўся ў Альшанах, таксама змянілі грамадзянства – з польскага на савецкае.Жалезная заслона раздзяліла не толькі землякоў, але і блізкіх родзічаў. Таму калі гарбачоўская эпоха адчыніла межы, 150 сем’яў адправіліся за акіян. Але пераважная большасць засталася… Мінулі дзесяцігоддзі – і гэтая вёска, дзякуючы гурковаму бізнесу, сталася новаю беларускаю легендай. Чаго толькі не распавядаюць пра мясцовых жыхароў! І на джыпах яны ездзяць, і дамы ў іх двухпавярховыя, і пасудамыйныя машыны ў кожнай кухні. Можна сказаць: «амерыканская мара»! Вось толькі высветлілася, што ніхто з альшанцаў не ведае, што гэта за мара такая.Фільм «Амерыканская мара па-беларуску» з дакументальнага цыклу «Невядомая Беларусь» упершыню паказвае штодзённасць спавітых таямніцаю Альшанаў.