Ельня

рэж. Растоцкая Кася , 2019

Кася Казачонак і ейная сям’я – захавальнікі балота Ельня. Гэтыя людзі робяць прыродаахоўныя захады ў заказніку. Займаюцца яны гэтым з вялікаю любоўю да наваколля, бо ёсць яго натуральнаю часткай.

«Добры дзень, Ельня! Добры дзень, востраў! Добры дзень, дрэвы! Як я вас даўно не бачыла!» – кожны раз вітаецца Кася са сваймі падапечнымі і вельмі цешыцца з сустрэчы.

Жанчына згадвае, як у 2002 годзе ў Ельні адбыўся пажар:

«Плакала падчас пажару: і грыбы гараць, і змеі ўцякаюць з балота. Так шкада было. Тушыла разам з пажарнікамі».

А там, дзе пажарныя машыны не маглі даехаць, мясцовыя жыхары гасілі пажар самыя.

Кася сталася правадніком для фатографа Сяргея Гапона, які прыехаў на балота зрабіць «той самы здымак».

Жанчына распавядае, што калісьці тут было возера, якое пачало зарастаць імхом. Ён расце вельмі павольна, прыблізна на 1 міліметр за год, за тысячу гадоў – на метр. Карані адпадаюць – так накопліваецца торф.

«Калі на Ельні дзевяць метраў торфу – значыць, дзевяць тысячаў гадоў гэтаму балоту», – робіць выснову Кася.

Гэта азначае, што балота старэйшае за хрысціянства і за егіпецкія піраміды. Плошча – больш за 25 тысяч гектараў. І гэта ўсё – месцы амаль не кранутыя чалавекам. Тут прыблізна 100 азёраў, з якіх бяруць выток пяць рэк.

Ельня – тэрыторыя, якая важная і для птушак. Шмат якія з тых, што гняздзяцца тут, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Уладар хутару «Сядзіба аратага» Уладзімір Жабёнак паказаў фатографу месца, у якім можна было паназіраць за журавамі. Мясцовы жыхар вельмі добра ведае навакольных птушак, іхныя звычкі, а якой у іх абед ці вячэра. Адмыслова для журавоў Уладзімір нават плануе гадаваць чарвякоў, якіх птушкі надта любяць.

Што яшчэ ўбачыў фатограф на балоце? Ці ўдалося яму зрабіць «той самы здымак»? Глядзіце ў новым белсатаўскім рэпартажы «Ельня».

Ельня, рэж. Кася Растоцкая, Беларусь, 2019

Глядзець іншыя фільмы Касі Растоцкай

Каментары