Дзе мой сцяг?

Рэжысёр: Галёта Ганна Год: 2020

У рэпартажы «Дзе мой сцяг?» распавядаецца гісторыя барацьбы вядомай беларускай апазіцыйнай актывісткі Ніны Багінскай з дзеючай уладай.

Спадарыне Ніне хутка будзе 74 гады. У 2020-ым годзе яна не прапусціла амаль што ні воднай дэманстрацыі супраць фальсіфікацыяў на выбарах і гвалту з боку сілавікоў у адносінах да мірных беларусаў. Але яе асабістая барацьба з палітычным рэжымам пачалася значна раней.

«Больш за 30 год я ў руху супраціву. Спачатку – камуністам у Савецкім саюзе, а потым лукашыстам у нашай краіне», – кажа Ніна Багінская.

З-за сваю палітычную дзейнасць спадарыня Ніна атрымала штрафаў на суму каля 15 тысяч долараў. Палову ейнай пенсіі забірае дзяржава, жанчыне на жыццё застаецца ўсяго 200 рублёў.

«Дзяржава ўжо пачала забіраць штрафы, каб мы пакутавалі, і гэтымі самымі штрафамі, каб мы давалі прыклад іншым людзям, каб паменш хадзілі на мітынгі. Бо людзі ў нас бедныя, грошай у іх няшмат. І калі забіраюць грошы на штрафы – яны могуць галадаць. І таму дзяржава пачала мяне штрафаваць. Гэта таксама метады іх фашыстоўскія. 50 працэнтаў пенсіі яны забіраюць, спачатку забіралі 20, а потым больш і больш. Таксама, я злую на іх за гэта. І не хачу, каб гэты фашызм рабаваў мяне», – распавядае спадарыня Ніна.

У маладосці Ніна Багінская атрымала траўму галавы, цяпер з-за гэтага ў яе здараюцца прыступы эпілепсіі. Улетку падчас прыступу яна ўпала на газавую пліту і апаліла сабе рукі, страціла сярэдні палец. Але нягледзячы на гэта спадарыня Ніна працягвае шыць бел-чырвона-белыя сцягі, якія амапаўцы ў яе адбіраюць.

«А чаму яны за гэты сцяг мяне штрафуюць? Чаму яны смеюць забіраць гэты сцяг? Гэта ж не вы шылі! Ні вы пакупалі тканіну, ні вы выходзіце з ім. Ну так цярпіце! Калі нават вам сцяг не падабаецца, як некаторым людзям, ну не ваша гэта справа! Я ж не кажу пра вашы сцягі, не хапаю вас, не забіраю. І вы не маеце права забіраць», – звяртаецца спадарыня Ніна да амапаўцаў.

Чаму спадарыня Ніна ходзіць на акцыі? За што злуецца на амапаўцаў і ці зможа маленькая жанчына супрацьстаяць дзясятку сілавікоў, якія перакрылі ёй шлях да Чырвонага Касцёлу? Глядзіце рэпартаж «Дзе мой сцяг», каб даведацца пра жыццё і прынцыпы беларускай апазіцыйнай актывісткі Ніны Багінскай.

Рэпартаж, рэжысёрка Ганна Галёта, 2020 г., Беларусь