Даліна анёлаў

Рэжысёр: Гараеўскі Сяргей Год: 2019

Як толькі ні выкарыстоўваліся гэтыя пабудовы! Ад былой велічы і прыгажосці архітэктурных формаў кляштару цыстэрцыянцаў 18-га стагоддзя засталося зусім няшмат.

У свой час гэта быў адзін з адукацыйных, культурных і духоўных цэнтраў Палесся. Тут атрымлівалі адукацыю і набывалі прафесію сыны простых месцічаў. З прыходам Расейскай імперыі манахам давялося пакінуць сцены кляштару. Усе прыйшло ў заняпад.

Легенда кажа, што паміж гэтым светам і тым быў пакінуты манах – назіраць, каб нічога на гэтым месцы, акрамя касцёлу і кляштару, не пабудавалі.

Сапраўды, напрыканцы 19-га стагоддзя тут была запалкавая фабрыка «Маланка», але вялізны пажар прывёў да краху, а ў другой палове 20-га стагоддзя мэблевая вытворчасць, праіснаваўшы каля сарака гадоў, адышла ў нябыт.

«Мая мара, каб тут, на гэтым месцы, былі найперш адноўленыя касцёл і кляштар. Мару пра тое, каб манахі зноў вярнуліся да сябе дадому», – кажа ўладальнік комплексу Аляксандр Баранаў.

Горы смецця, бітае шкло, адкіды фабрычнай вытворчасці, велізарная арэндная плата і непаразуменне мясцовых уладаў – рэчаіснасць, з якой змагаецца Аляксандр практычна сам-насам.

«Я не аптыміст, а рэаліст. У будучыню гляджу скептычна, але ніхто здавацца не збіраецца», – упэўнены ўладальнік.

«Даліна анёлаў», д/ф, рэж. Сяргей Гараеўскі