Блізкія людзі

рэж. Вікторыя Боева, 2020

У Беларусі гвалт з боку блізкіх – мужоў, бацькоў, сыноў, братоў ды іншых сваякоў – зазнае кожная трэцяя жанчына. Кожная чацвёртая жанчына, якая скончыла жыццё самагубствам, зрабіла гэта ў выніку хатняга гвалту. З інфармацыі МГА «Гендарныя перспектывы», толькі за студзень – сакавік 2020 г. ад рук блізкіх у Беларусі загінулі 27 асобаў. 186 чалавек прыцягнутыя да адказнасці паводле арт. 154 Крымінальнага кодэксу («Катаванне»). Таксама зафіксаваныя 225 фактаў правапарушэнняў, якія падпадаюць пад арт. 186 Крымінальнага кодэксу («Пагроза забойствам і прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў»).

Нягледзячы на гэта, па дапамогу звяртаецца толькі траціна пацярпелых. І нават пасля звароту ў міліцыю жанчына не становіцца больш абароненай ад агрэсара, бо пераважная большасць правапарушэнняў канчаецца штрафам, які часта аплочваецца з агульнага сямейнага бюджэту. Каб атрымаць ахоўнае прадпісанне, якое забараняе агрэсару любыя кантакты з ахвяраю гвалту, трэба прайсці доўгую працэдуру, і ёсць рызыка, што сацыяльныя службы адбяруць дзяцей.

Пагаршаецца праблема тым, што ў Беларусі да гэтага часу не прынялі закону «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту», прынятага амаль ува ўсіх краінах Еўропы і нават краінах СНД. Пасля адмоўнай рэакцыі Аляксандра Лукашэнкі Міністэрства ўнутраных справаў адмовілася распрацоўваць гэты законапраект.

Тым часам праблема гвалту робіцца нацыянальнай, і прытулак «Радзіслава», што прымае на пасяленне жанчын, каб схаваць іх ад хатняга гвалту, працуе без выходных і святаў.

Рэпартаж, аўтарка Вікторыя Боева, 2020 г., Беларусь

Больш фiльмаў