Не бойся

Рэжысёр: Аршынскі Міхаіл Год: 2021

Фільм «Не бойся» распавядае пра барацьбу беларускага народу за сумленныя выбары. Паказаныя лёсы людзей, якія адгукнуліся на заклік блогера Сяргея Ціханоўскага і якія ўзялі ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года. Падзеі адлюстраваныя праз прызму назіранняў рэжысёра Міхаіла Аршынскага, які стаўся сведкам неймавернага палітычнага супрацьстаяння 2020 года. З камераю ў руках ён асабіста прасачыў за кожным этапам кампаніі і здымаў, як улады перашкаджалі збіраць подпісы і перадаваць іх у выбаркамы, як аб’ядналіся штабы альтэрнатыўных кандыдатаў і разам з імі ездзіў па рэгіёнах Беларусі.

Фільм пачынаецца з гісторыі блогера Сяргея Ціханоўскага, які пастанавіў браць удзел у выбарах прэзідэнта Беларусі, сутыкнуўшыся з карупцыяй і несправядлівасцю. На сваім youtube-канале «Страна для жизни» ён распавядаў пра безгаспадарлівасць мясцовых чыноўнікаў і даваў адкрыты мікрафон людзям. У выніку правакацыі ён апынуўся за кратамі, але ягоную ініцыятыву падхапіла жонка Святлана. Хатняя гаспадыня сутыкнулася з бруднаю палітычнаю гульнёю і пагрозамі на адрас сваёй сямʼі. Простыя людзі далучыліся да ейнае каманды, каб дапамагчы. Медык Вольга Паўлава, інжынер Алег Майсееў і хатняя гаспадыня Антаніна Канавалава проста хацелі лепшае будучыні для сябе і сваіх дзяцей.

Улады недаацэньвалі Святлану, пакінуўшы яе ў якасці спарынг-партнёра на выбарах. Асноўных жа, як меркавалі, канкурэнтаў – прадпрымальніка Валерыя Цапкалу і кіраўніка «Белгазпрамбанку», культурнага і грамадскага дзеяча Віктара Бабарыку – рэжым не дапусціў да выбараў. Але і тут пралічыліся – штабы гэтых кандыдатаў абʼядналі свае намаганні вакол Святланы Ціханоўскай. З простай жанчыны яна сталася сімвалам новай Беларусі. Сямʼя Ціханоўскіх абудзіла краіну, якая жыла 26 гадоў пад дыктатураю Лукашэнкі.

Рэжысёр Міхаіл Аршынскі, 2021, Беларусь