«ГЭЙ БЭН ГІНОМ» Уладзіміра Някляева

Рэжысёр: Вольга Воранава Год: 2022

«Гэй бэн гіном» у перакладзе з іўрыту азначае «вогненная геена, пекла». Так назваў свой раман беларускі літаратар і колішні кандыдат на прэзідэнцтва Уладзімір Някляеў. Рэпартаж з цыклу «Без рэтушы».

У кнізе ён прапануе чытачу некалькі версіяў гібелі Янкі Купалы. Паралельна вядзецца аповед пра іншага героя – Някляеў не хавае аўтабіяграфічнасці гэтай сюжэтнай лініі. Пісьменнік працаваў над тэкстам больш за 4 гады. Калі пачынаў, думаў, што піша гістарычны раман, але твор атрымаўся сучасным. Бо ў Беларусі зноў пачаліся рэпрэсіі, пераследы, турмы і катаванні. Кола гісторыі са скрыпам павярнулася на стан стогадовай даўніны.

Кніга не змагла выйсці ў Беларусі паводле палітычных прычынаў, таму раман быў надрукаваны ў Беластоку. У Польшчы і Літве адбыўся літаратурны тур. Асноўнымі наведнікамі прэзентацыяў былі ўцекачы з Беларусі – людзі, якія мусілі з’ехаць і не могуць вярнуцца дадому.

У кнізе аўтар паспрабаваў зладзіць працу над памылкамі свайго жыцця і лічыць, што яму ўдалося гэта зрабіць.

У фільме «ГЭЙ БЭН ГІНОМ» Уладзіміра Някляева» ёсць аўтабіяграфічны аповед, як літаратар трапіў у палітыку – і чым гэта ўсё для яго скончылася. Зрэшты, ці скончылася?..

Рэжысёрка Вольга Воранава, Літва – Польшча, 2022