Абутак для волата

Рэжысёр: Андрыенка Сяргей Год: 2022

Майстар рамонту і пашыву абутку Юрый Аляксандраў больш за 40 гадоў прапрацаваў у сваёй невялікай майстэрні. Пашыў прыгожага мадэльнага абутку быў для яго ўлюбёным заняткам. Быў, бо 24 лютага ва Украіну прыйшла поўнамаштабная вайна…

Варварства дзікай расейскай арміі жахнула ўкраінцаў і, вядома, спадара Юрыя. У яго шмат сваякоў у Расеі, з якімі за адзін момант разарвалася сувязь.

У 65 гадоў мужчыну не маглі мабілізаваць ва ўзброеныя сілы. Нейкі час ён не разумеў, як жыць далей, але адчуваў, што трэба неяк дапамагаць фронту. Нечакана спадар Юрый даведаўся, што ў вайскоўцаў высокага росту вялікая праблема з абуткам. Прамысловы выраб канчаецца 46-м памерам, а на фронце некаторыя асобы маюць 48-ы, а нават 52-і. Збройныя сілы не могуць забяспечыць гэтых волатаў неабходным рыштункам. Валанцёры не могуць знайсці адпаведнага абутку нават за мяжою.

Спадар Юрый зразумеў, што гэта менавіта тое, чым ён можа дапамагчы войску, і пачынае шыць берцы велізарных памераў на замову з фронту. Увесь абутак ён перадае на фронт бясплатна. Берцы зробленыя ўручную, таму вельмі трывалыя.

Пра майстра даведваюцца і пачынаюць звяртацца па дапамогу валанцёры ды вайскоўцы. Калі няма замоваў на вайсковы абутак, у майстэрні шыюць бронекамізэлькі і нестандартнае экіпаванне. Калі прыходзіць просьба з фронту, спадар Юрый адкладае ўсю штодзённую працу, якая прыносіць грошы.

Майстэрня практычна перастае працаваць для цывільных. Гэта адбіваецца на даходах, але майстры згодныя менш зарабляць дзеля дапамогі фронту. Спадар Юрый упэўнены ў перамозе над расейскім войскам і гатовы ў любы час адгукнуцца, каб дапамагчы ўкраінцам.

Рэжысёр – Сяргей Андрыенка, 2022