Ганна Хітрык: Толькі ўсмешка ратуе

Рэжысёр: Ядлавец Тамара Год: 2021

Імя Ганны Хітрык некалі грымела на ўсю Беларусь. Цяпер яна жыве з сям’ёй у Ізраілі, адужаўшы цяжкую хваробу і гадуючы дзіцё з асаблівасцямі.

Вядомая акторка Купалаўскага тэатру, спявачка, лідарка музычных гуртоў: «ДзеціДзяцей» і «S°unduk». Падавалася, Ганна любіміца лёсу. Але ўсё змянілася імгненна. З нараджэннем сына. За радасцю прыйшла трывога: з хлопчыкам было нешта не так. Некалькі гадоў сышло на хаджэнне па шпіталях. Нарэшце стала зразумела: у Сцёпы – аўтызм.

Ганна пачала змагацца за сваё дзіця, шукаць спосабы палепшыць ягоны стан. Калі высветлілася, што для такіх дзетак у Беларусі не створана аніякіх умоваў, Ганне прыйшлося самой навучыцца працаваць з дзецьмі-аўтыстамі. Але гэтага было мала. Сцёпа развіваўся слаба. Аднойчы ў паліклініцы Ганна нават пачула ад лекаркі нешта кшталту:

«Ты яшчэ маладая, народзіш сабе яшчэ». «Як, нараджу яшчэ?, – абуралася Ганна. – А што рабіць з гэтым? А калі другі дзяцёнак таксама народзіцца з асаблівасцямі?»

Адказаў у Беларусі на гэтыя пытанні не было.

Рэпартаж, рэж. Тамара Ядлавец, 2021