Пра нас

Усе асобы

Сяргей Падсасонны

Вядоўца «Студыі “Белсат”»

Як казаў мой выкладчык беларускае літаратуры, я «нарадзіўся звычайным парадкам». Заўсёды марыў пра журналістыку, але ніколі не думаў, што гэта магчыма. У сям’і пераконвалі, што, нягледзячы на медаль, ведаў пасля вясковае 11-годкі не хопіць для гэткае ганаровае прафесіі – журналістыкі. Ведаў хапіла, каб паступіць на філфак Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту, а пазней – у аспірантуру па літаратуразнаўстве, павучыцца на псіхалагічным факультэце, працаваць настаўнікам і выкладчыкам. І ўсё ж журналістыка не давала спакою. Сяброўка, якая заўсёды марыла пра журналістыку, запрапанавала разам паехаць у школу журналістыкі. Мяне прынялі, сяброўку – не. Потым выпадкова трапіў на кастынг «Белсату» ў Варшаве. Запрашалі іншую асобу, але дзяўчына не мела візы, яна патэлефанавала апоўначы: ці паеду зранку замест яе? Паехаў. Гэтак, звязаны з тэлеканалам з самога пачатку яго існавання. Працую журналістам, вядоўцам і рэдактарам аддзелу інфармацыі, зрабіў сотні рэпартажаў ды інтэрв’ю для праграмаў «Абʼектыў» і «Студыя «Белсат». У якасці рэпарцёра працаваў у Беларусі, Польшчы, Украіне, Расеі, Нямеччыне, Швецыі, Літве, Канадзе, Італіі, Ватыкане, Ізраілі, Палестыне, Шры-Ланцы. Рыхтаваў і вёў мноства адмысловых жывых эфіраў: выбары-2010, алімпіяда ў Сочы – 2014, выбары ва Украіне ў 2014 годзе, БНР-100, 2-гадзінныя выданні на Каляды з Ватыкану ды Віфлеему ў 2018 і 2019 гадах ды шэраг іншых. Стваральнік і вядоўца папулярнага праекту «Белсат» едзе» (вёскі Гомельшчыны, Брагін, Ворша, Мсціслаў, Крычаў). Быў рэдактарам-выдаўцам адмысловага 7-гадзіннага жывога эфіру з перапахавання паўстанцаў і Кастуся Каліноўскага ў Вільні ў 2019 годзе. Зрабіў серыю рэпартажаў-падарожжаў з мясцінаў, звязаных з Каліноўскім (Мастаўляны, Свіслач, Горадня, Пецярбург, Вільня). У 2019-м атрымаў узнагароду «Тэлевізійная асоба года». Зняў рэпартаж з дому старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы ў Атаве, а таксама зрабіў вялікае інтэрвʼю з ёй у 2020-м. У часе эпідэміі каронавіруса зрабіў праект «Я ў каранціне» для Instagram, а таксама распрацоўваў і стаўся вядоўцам праграмы «Белсат» Zoom», якая была новаю з’явай у інфармацыйным вяшчанні – працаю праз інтэрнэт у хатніх умовах.

Апрача журналістыкі, па-ранейшаму займаюся літаратуразнаўствам. Аўтар кнігі «Грэх паводле Дастаеўскага», некалькіх дзясяткаў навуковых артыкулаў. Абараніў дысертацыю пра творчасць Дастаеўскага ў Варшаўскім універсітэце, дзе і працую, маю навуковую ступень доктара гуманітарных навук. Выступаў з навуковымі дакладамі ў Беларусі, Польшчы, Расеі, Балгарыі, Іспаніі.