Стала вядома, якое пакаранне для Марыны Золатавай патрабуе пракурорка


Пракурорка Юлія Харчэйкіна просіць суд пакараць галоўную рэдактарку TUT.by Марыны Золатаву штрафам памерам 1 тыс. базавых велічыняў (25 500 рублёў). Яе вінавацяць у «бяздзейнасці службовай асобы» (ч.2 арт. 425 КК). Золатава сваёй віны не прызнае.

Паводле пракуроркі, сёння інфармацыя – гэта адзін з самых важных рэсурсаў, нароўні з чалавечым або фінансавым. Аднак грамадзяне дагэтуль не заўсёды лічаць парушэнні ў гэтай сферы злачынствам. «Тут, вядома, прысутнічае дэфіцыт правасвядомасці», – заявіла яна.

Дзяржабвінаваўца вінаваціць Марыну Золатаву ў тым, што з 3 студзеня 2017 года па 23 ліпеня 2018 года яна не перашкодзіла сваім падначаленым ажыццяўляць несанкцыянаваны доступ да платнай падпіскі БелТА з «неправамерным выкарыстаннем» чужых логінаў і пароляў. Логіны і паролі, як сцвярджаецца, належалі выданням «Рэспубліка», «СБ-Беларусь сегодня» i ЗАТ «БелКП -Пресс». «Вінаватасць Золатавай пацвярджаецца даследаванымі ў судовым працэсе доказамі», – заявіла пракурорка.

Пракурорка заклікала не давяраць словам рэдактара ​​парталу Realt.by Уладзіслава Кулецкага, які на судзе заявіў, што ягоныя паказанні супраць Золатавай падчас папярэдняга следства не адпавядаюць рэчаіснасці і фактычна былі сфальсіфікаваныя працаўнікамі СК. «Да гэтага трэба ставіцца крытычна і ўспрымаць як спробу аказаць дапамогу абвінавачванай», – заявіла Харчэйкіна.

Паводле следства, за паўтары гады з IP-адрасу рэдакцыі TUT.by адбылося больш за 7 тыс. несанкцыянаваных далучэнняў да платнай падпіскі БелТА, пра што Золатава нібыта не магла не ведаць. Больш за тое, на думку Харчэйкінай, неправамернае карыстанне навінамі БелТА было вельмі карысным для рэдакцыі TUT.by, бо за кошт гэтага яны атрымлівалі «канкурэнтныя перавагі». «На жаль, імкненне да паспяховасці спалучана з парушэннем патрабаванняў заканадаўства», – заявіла яна. Паводле следства гэтымі дзеяннямі «грамадскім і дзяржаўным інтарэсам» была нанесеная вялікая шкода.

Hавiны
Ульяна Бабаед: Кіраўнік следчай групы крычаў на мяне, казаў, што я не асвятляю дзейнасці Лукашэнкі
2019.02.14 15:50

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў