Румас: заробкі беларусаў у студзені зменшыліся


У студзені сярэдні заробак па краіне склаў 982 рублі, паведаміў 19 лютага падчас паседжання ўрада прэм’ер-міністр Сяргей Румас. Гэтая сума на 133 рубля менш, чым у снежні.

На думку прэмʼера, гэтая лічба «у прынцыпе, знаходзіцца ў рамках прагнозу ўрада»

Пасля выплаты падаходнага падатку (13%), а таксама ўзносы ў ФСЗН (1%)заробак у студзені склаў усяго каля 845 рублёў.

Паводле заявы Саўміна, улады ў гэтым годзе маюць намер асаблівую ўвагу надаваць даходам нізкааплатных катэгорый работнікаў, вялікая частка якіх сёння сканцэнтравана ў бюджэтнай сферы. Чакаецца, што сярэдні заробак бюджэтнікаў вырасце ў 2019 годзе да 810 рублёў. Таксама ў гэтым годзе плануецца выхад на сярэдні заробак у бюджэтных арганізацыях на ўзроўні 80% ад сярэдняга па краіне. Па выніках 2018 года гэты паказчык склаў 77%.

Сярэдні заробак беларусаў у 2019 годзе, паводле прагнозаў, павінен скласці 1025 рублёў. Пры гэтым у снежні наступнага года сярэднія заробкі беларусаў павінны скласці 1100 рублёў. Гэтыя сумы закладзены ў праграме дзейнасці ўрада да 2020 года.

Улады не першы год абяцаюць дасягнуць паказчыку ў 1000 рублёў сярэдняга заробку, але пакуль гэтая задача застаецца нявыкананай.

КА, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў