Прэм’ер Румас: пагадненне паміж Беларуссю і ЕЗ трэба падпісаць як мага хутчэй


Прэм’ер-міністр Сяргей Румас лічыць, што адсутнасць базавага пагаднення паміж Беларуссю і Еўрапейскім Звязам контрпрадуктыўная для абодвух бакоў.

«Хацеў бы пачуць, што неабходна зрабіць для таго, каб як мага хутчэй заключыць базавае пагадненне паміж Беларуссю і ЕЗ, таму што такі прававы вакуум паміж суседзямі, вядома, контрпрадуктыўны для абодвух бакоў», – адзначыў Сяргей Румас 18 лютага на сустрэчы з еўрапейскім камісарам па бюджэце і чалавечым рэсурсаў Гюнтэрам Этынгерам.

Прэмʼер-міністр таксама закрануў тэму заключэння з ЕЗ пагаднення аб спрашчэнні візавых працэдур, якое, як раней казала кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Менску Андрэа Віктарын, знаходзіцца на фінішнай стадыі. «У фінішнай стадыі ёсць шмат этапаў, таму я хацеў бы даведацца, на якім участку фінішнай стадыі мы знаходзімся», – сказаў Румас.

Як адзначыў Этынгер, у ЕЗ бачаць «дынаміку, якую можна працягнуць у 2019-2020 гадах, выкарыстоўваць яго для рэалізацыі сумесных праектаў для знаходжання рашэнняў, у якіх не будзе тых, хто прайграў».

Hавiны
Лукашэнка пра адносіны з ЕЗ: «Праблемы не носяць хранічнага характару»
2019.02.18 10:25

Базавае пагадненне – гэта дамова, якая вызначае прынцыпы, прыярытэты і рамкі супрацы ЕЗ і Беларусі, фармуе юрыдычную базу стасункаў. Беларускія ўлады кажуць, што падпісанне гэтага пагаднення справа бліжэйшай перспектывы з 2017 года.

ІІ, belsat.eu, паводле ТАСС

Стужка навінаў