Стаў вядомы прысуд экс-намесніку міністра аховы здароўя Ігару Ласіцкаму


Менскі гарадскі суд пакараў за карупцыйныя злачынствы былога намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага шасцю гадамі пазбаўлення волі, а былога галоўнага доктара 12-ай гарадской клінічнай стаматалагічнай паліклінікі Уладзіміра Краўчонка – пяццю.

Пра гэта паведамляе tut.by. Адбываць пакаранне Ласіцкі і Краўчонак будуць ва ўмовах калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама прысуд прадугледжвае канфіскацыю маёмасці і пазбаўленне права займаць кіроўныя пасады цягам пяці гадоў.

Ласіцкага і Краўчонка прызналі вінаватымі паводле арт. 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманне хабараў неаднаразова ў асабліва буйным памеры). У крымінальнай справе Ласіцкага і Краўчонка фігуруе шэраг карупцыйных эпізодаў, якія мелі месца з 2013 па 2018 год. Паводле следства, агулам галоўны лекар Краўчонак атрымаў «адкатаў» на суму каля $28 тыс. – нават больш чым намеснік міністра аховы здароўя. Ласіцкага вінавацяць у атрыманні хабараў толькі на суму $23,5 тыс.

Абодва прызналі сваю віну і раскаяліся. Ігар Ласіцкі знаходзіцца пад вартаю з 29 чэрвеня 2018 года. Уладзімір Краўчонак быў пад вартаю з 17 чэрвеня па 17 кастрычніка. Яму змянілі меру стрымання на хатні арышт і з лістапада 2018 года ён працаваў шараговым стаматолагам у 7-й паліклініцы. Адразу пасля сённяшняга прысуду на Краўчонка надзелі кайданкі.

Пракурор Юры Шарснёў прасіў суд пакараць Краўчонка пяццю гадамі пазбаўлення волі, а Ласіцкага – шасцю гадамі. Такім чынам, суд цалкам задаволіў просьбу дзяржабвінаваўца.

Hавiны
«Шкадую, што не здолеў устрымацца ад спакусы». Як медычныя функцыянеры бралі хабары на дзясяткі тысяч долараў
2019.01.11 13:58

***

  • Суд над Ласіцкім і Краўчанкам – частка вялікай справы аб карупцыі пры закупах медычнага абсталявання і лекаў. У СМІ яе называюць «справай медычных функцыянераў» або «справай медыкаў». У межах справы вясной–летам 2018 года былі затрыманыя больш за 60 асобаў (у тым ліку 37 чыноўнікаў). Паводле КДБ, хабары даходзілі да $ 350 тыс. за адзін раз. Незаконна атрыманыя грошы пераводзіліся на рахункі фірмаў у Гон-Конгу, Літве, Латвіі, Расеі і ПАР. Праз карупцыю кошт і лекаў, і абсталявання завышаўся на 10-60 %, у асобных выпадках – на 100 %.
  • Акрамя Ласіцкага і Краўчанкі, сярод арыштаваных – дырэктар РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі, дырэктар Цэнтру экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, дырэктар прадпрыемства «Белмедтэхніка» Аляксандр Шарак, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму Андрэй Стрыжак і начальнік вайскова-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны Аляксей Яськоў. Падчас ператрусу ў гаражы Шарака ў тайніку было выяўлена больш за $ 620 тыс. у эквіваленце, у Бялецкага – каля $ 500 тыс.
  • Ігар Ласіцкі стаў намеснікам міністра ў сакавіку 2013 года, лічыўся пратэжэ экс-міністра Васіля Жарка. Ласіцкі ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва і кантроль за будаўніцтвам, рэканструкцыяй і развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны аховы здароўя. Курыраваў пытанні абароту медычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзавання, з’яўляўся старшынём профільных камісіяў Міністэрства аховы здароўя і «Белмедтэхнікі». Летась у ліпені Ласіцкага затрымаў КДБ.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў