У суд – за снегавіка. Улады ціснуць на берасцейскіх пратэстоўцаў


Адну базавую за снегавіка з улёткай пра завод. Такі штраф суд берасцейскага раёну наклаў на Юлію Нічыпарук. Суддзя Сяргей Маручак прызнаў жанчыну вінаватай у правядзенні «масавага мерапрыемства». Дзеці Юліі Нічыпарук зляпілі снегавіка, а яна ўпрыгожыла яго ўлёткай «Прэч атруту, не заводу! Гаспадарыць тут народу!» Аказалася, што ў Беларусі гэтага дастаткова, каб быць аштрафаваным.

Юлія Нічыпарук распавядае:

«Снегавік, мне падаецца, узбударажыў грамадскасць неапраўданай увагай нашай міліцыі і судоў. Такі ціск, таму што зрабіць нешта ў нашай сітуацыі (з акумулятарным заводам) улады пакуль чамусьці нічога не могуць, складана сказаць па якой прычыне. Яны хочуць, каб людзі паменш пра гэта гаварылі, каб яны баяліся пра гэта гаварыць. Так яны намагаюцца запужаць…»

Каментар праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна пра сённяшні берасцейскі прысуд:

«Усе гэтыя суды сведчаць пра тое, што нашыя дзяржаўныя структуры служаць не народу, а абслугоўваюць інтарэсы аднаго чалавека, у дадзеным выпадку Лемешэўскага, які будуе тут завод., які зашкодзіць здароўю паўмільёна грамадзянаў, а 40 тысячаў подпісаў нічога не вартыя і не ўлічваюцца мясцовымі ўладамі…»

belsat.eu

Фота: Мікіта Яраш / binkl.by