Хуан Гуаідо назваў апошні тэрмін правядзення выбараў у Венесуэле


Старшыня Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы Хуан Гуаідо, які абвясціў сябе часовым прэзідэнтам краіны, заявіў, што датэрміновыя выбары павінны прайсці праз шэсць-дзевяць месяцаў ці раней. Пры гэтым канфлікт у краіне павінны вырашаць самі венесуэльцы.

«Выбары павінны быць у самыя бліжэйшыя тэрміны. Але перш трэба аздаравіць як мага хутчэй выбарчую сістэму, каб быў адзін выбарнік і адзін голас, мы лічым, што патрэбна шэсць-дзевяці месяцаў, можа меней, але як мага хутчэй», – цытуе Гуаідо тэлеканал Antena3.

Адказваючы на ​​пытанне, ці гатовы Гуаідо папрасіць вайсковай дапамогі ў іншых краінаў, калі сітуацыя будзе развівацца не на карысць апазіцыі, ён адказаў няпэўна. Паводле яго слоў, краіна перажывае гуманітарны крызіс, і кожны дзень паміраюць дзеці.

«Павінна быць хуткае рашэнне гэтага крызісу і гэтага канфлікту», – заявіў Гуаідо.

Ён таксама адзначыў, што апазіцыя не гатовая весці перамовы з Мадура, бо ўлады «спрабуюць выйграць час, як яны рабілі ўжо шмат разоў». Паводле словаў апазіцыянера, адзіным магчымым пунктам для рэальнага вырашэння палітычнага канфлікту з’яўляецца правядзенне свабодных выбараў.

Што да магчымай амністыі Мадура, Гуаідо адзначыў, што гэта магчыма ў тым выпадку, калі ўлады Венесуэлы будуць супрацоўнічаць з апазіцыяй для аднаўлення канстытуцыйнага парадку.

Hавiны
Лукашэнка паразмаўляў з Мадура па тэлефоне
2019.01.26 12:01

СК, belsat.eu, паводле rbc.ru

Стужка навінаў