Хоча, але не можа. Чаму Лукашэнку не запрашаюць у Давос?




Ані палітыкаў, ані навукоўцаў з Беларусі гэтым разам на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе не было. Арганізатары запрасілі ўсяго адну асобу з нашай краіны на сёлетнюю сустрэчу. Чаму менавіта яе, а не кіраўніка дзяржавы?

Аналагаў Давосу ў свеце не існуе: няма больш месца, дзе кіраўнікі сусветных фірмаў так масава сустракаліся б з кіраўнікамі дзяржаваў, а таксама інтэлектуаламі ды журналістамі. Яны збіраюцца тут, каб «палепшыць свет», хаця скептыкі імпрэзы кажуць, што хутчэй – сваю рэпутацыю. Маўляў, за прыгожымі і гучнымі словамі не наступае рэальных зменаў.

«Мы павінныя прызнаць, што чацвёртая прамысловая рэвалюцыя і новыя тэхналогіі даюць нам унікальныя магчымасці для будучыні», – гаворыць заснавальнік і кіраўнік Сусветнага эканамічнага форуму Клаўс Шваб.

Беларускі даследчык Андрэй Елісееў, які браў удзел у паралельнай з форумам канферэнцыі па медыях і тэхналогіях, не згодны з тым, што Давос – месца, куды прыязджаюць смачна паесці і пакатацца на лыжах. Напрыклад, абмеркаванне тут глабальнага пацяплення прывяло да рэальных крокаў міжнароднай супольнасці ў барацьбе з ім. А адсутнасць зразумелых і ясных адказаў на выклікі і пагрозы звязана з абмежаваным мадэратарамі часам.

«Усе гэтыя сесіі цягнуцца ў межах гадзіны, паўгадзіны, 45 хвілінаў. Асобныя бочныя мерапрыемствы могуць цягнуцца крыху даўжэй, але такі кароткі фармат не дазваляе, вядома, прыйсці да вырашэння [праблемы], скласці нейкую «дарожную мапу», як кажуць», – сцвярджае дырэктар даследаванняў «East Center» Андрэй Елісееў.

Галоўная задача форуму – завязаць карысныя знаёмствы. Магчымасць за кубкам кавы паразмаўляць з уплывовымі асобамі гэтага свету і прыцягвае ў сюды самых занятых людзей планеты. Журналісты, якія прыязджаюць на форум, могуць знайсці каментатараў на любую тэму. У перапынках паміж сесіямі даследчыкі з Венесуэлы раскладвалі ім па палічках пераварот у гэтай краіне, які адбываўся паралельна з сімпозіумам.

«Вялікая рызыка ў тым, што Венесуэла становіцца мячом у гульні паміж ЗША, Расеяй і Кітаем», – адзначае былы міністр гандлю Венесуэлы Майсэс Наім.

Дарэчы кіраўнікоў ЗША, Расеі і Кітаю на сёлетняй сустрэчы не было. Трамп спаслаўся на «шатдаўн», Сі Цзіньпін даслаў замест сябе буйную дэлегацыю сваіх чыноўнікаў, а Уладзіміра Пуціна не запрасілі. Затое былі лідары Арменіі, Украіны ды Азербайджану. І не было – прадстаўнікоў беларускай дзяржавы.

Сярод нашых грамадзянаў тут быў толькі адзін чалавек. Упершыню за дваццаць гадоў нашую краіну прадстаўляе жанчына – Людміла Батура з Менскага хабу глабальных архітэктараў будучыні:

«Мяне запрасілі як прадстаўніцу беларускай моладзі. На ўсіх мепрапрыемствах такога рангу, дзе прысутнічаюць людзі, якія прымаюць рашэнні, падкрэсліваецца, што голас моладзі асабліва важны, бо палова насельніцтва зямлі – маладыя людзі, і ім жыць ува ўмовах, якія ствараюцца цяпер на такіх пляцоўках».

Яе калега па хабу кажа, што на форум нельга паехаць самому, а на запрашэнне трэба заслужыць.

«Афіцыйны Менск вельмі хоча туды патрапіць. Справа ў тым, што СЭФ не лічыць, што Менск зрабіў нейкія важныя крокі, каб прадэманстраваць сваю зацікаўленасць у супрацы з Сусветным эканамічным форумам, каб атрымаць афіцыйнае запрашэнне», – тлумачыць Елісееў.

Адзіным афіцыйным прадстаўніком беларускай дзяржавы ў гісторыі форуму да сёння застаецца Станіслаў Шушкевіч. Першы кіраўнік незалежнай Беларусі прызнаўся «Белсату», што калі ён туды ехаў у 1992-м, то быў упэўнены, што Беларусь пойдзе шляхам суседняй Польшчы. Але «някемлівасць» – цытуем – беларускіх уладаў перамагла.

«Сёння сярэдні аклад у Польшчы ў 3,5 разы большы, чымся ў Беларусі. Вось вам вынік закасцянелай непанятлівасці. А непанятлівых у Давос не запрашаюць», – кажа першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Каб гутарыць пра паляпшэнне свету трэба спачатку задумацца пра паляпшэнне краіны. Для гэтага ў Швейцарыю ехаць не абавязкова.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Стужка навінаў