Рэвалюцыя ў Венесуэле – ці яшчэ не? Часовага прэзідэнта Гуаідо прызнала большасць краінаў Амерыкі


Сотні тысяч венесуэльцаў выйшлі на вуліцы вялікіх гарадоў краіны ў сераду на заклік кіраўніка парламенту Хуана Гуаідо, які прынёс прэзідэнцкую прысягу на плошчы Каракасу ў атачэнні сваіх прыхільнікаў. Хто гэты 35-гадовы чалавек, і ці мае ён шанцы атрымаць уладу?

Хто такі і чаму адразу прэзідэнт?

Хуан Хэрарда Гуаідо Маркес быў канкурэнтам дзеючага прэзідэнта Нікаляса Мадуры на выбарах, якія адбыліся яшчэ ў траўні 2018 года. Аднак паведамленні пра фальсіфікацыі і палітычны ціск на апазіцыю, разбіральніцтвы ў судах розных узроўняў, вулічныя пратэсты і крытыка з боку замежных дзяржаў прывялі да таго, што Мадура, які абвесціў пра сваю перамогу на выбарах, правёў інаўгурацыю толькі 10 студзеня 2019 года.

Гуаідо, інжынер па адукацыі, удзельнічаў у палітычнай дзейнасці яшчэ ў універсітэце, а потым стаў адным з заснавальнікаў цэнтрысцкай партыі «Народная Воля», да якой зараз і належыць. Ад пачатку ён выступаў супраць палітыкі Уга Чавэса і ягонага пераемніка Нікаляса Мадуры. У 2017 годзе падчас пратэстаў ён нават быў паранены гумовай пуляй з паліцэйскай стрэльбы ў шыю і атрымаў пералом рукі.

Hавiны
У Венесуэле лідар апазіцыі абвясціў сябе новым прэзідэнтам. ЗША яго прызналі
2019.01.23 20:46

Гуаідо не прызнаў Мадуры на выбарах у 2018 годзе, як не прызнаў Мадуру прэзідэнтам і міжнародна прызнаны і абсалютна законны парламент краіны – Нацыянальны Сход. Нацыянальны Сход абраў Гуаідо сваім старшынём.

А згодна з артыкулам 233 канстытуцыі Венесуэлы, кіраўнік парламента часова выконвае абавязкі прэзідэнта, пакуль няма законна абранага кіраўніка краіны. На гэтым і базуюцца прэтэнзіі Гуаідо на прэзідэнцкія паўнамоцтвы.

ВІДЭА
У Венесуэле падчас пратэстаў загінулі 16 асобаў. МЗС Беларусі «з суперажываннем адсочвае сітуацыю»
2019.01.24 09:16

Міжнародныя прызнанні і непрызнанні

Тое, што Мадура не з’яўляецца законна абраным прэзідэнтам Венесуэлы, заявілі адразу пасля яго інаўгурацыі 19 краін Паўночнай, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі, краіны Еўрапейскага Звязу.

Падтрымалі Мадуру лацінаамерыканскія левыя лідары, такія як у Балівіі, Мексіцы і на Кубе. Прызналі Мадуру адзіным кіраўніком Венесуэлы таксама Расея, якая гандлюе з гэтай краінай зброяй на мільярды долараў, Кітай, які ўкладваў пры сацыялістычным рэжыме грошы ў распрацоўку мясцовых прыродных рэсурсаў, а таксама Іран і Турцыя.

На гэты час прызналі Гуаідо ў якасці пераходнага прэзідэнта ЗША, Канада, Бразілія, Аргентына, Чылі, Перу, Парагвай, Калумбія, Эквадор, Гватэмала, Коста-Рыка, Гандурас, Панама. Больш за тое, раней ЗША і асноўныя краіны Паўднёвай Амерыкі не выключалі магчымасці вайсковай інтэрвенцыі ў Венесуэлу з-за прычыны сацыяльна-эканамічнага і гуманітарнага крызісу ў гэтай краіне, які пагражае дэстабілізацыяй усім краінам рэгіёну.

Мадура перарваў дыпламатычныя адносіны з ЗША і загадаў дыпламатам гэтай дзяржавы пакінуць Венесуэлу. ЗША заявілі, што ігнаруюць загад Мадуры і заклікалі венесуэльскую армію і сілы бяспекі «падтрымаць дэмакратыю і абараняць усіх грамадзянаў Венесуэлы».

Што абурае венесуэльцаў?

Пад кіраўніцтвам «чавістаў» у Венесуэле былі ўведзеныя прадуктовыя карткі, кантроль валютнага курсу, з паліцаў крамаў зніклі малако, рыс, кава, алея, масла, туалетная папера і сродкі асабістай гігіены, лекі. Людзі сталі літаральна галадаць – гуманітарныя арганізацыі адзначаюць, што ў сярэднім вага 75% венесуэльцаў за апошнія гады знізілася на некалькі кілаграмаў.

Пратэсты ў Каракасе. Фота – REUTERS/Adriana Loureiro

Пры гэтым у краіне дзікіх памераў дасягнула карупцыя верных Мадуры функцыянераў, арганізаваная і бытавая злачыннасць. Зараз Венесуэла з’яўляецца адным з лідараў па забойствах у свеце – 81,4 выпадкі на 100 000 насельніцтва. У краіне, у якой няма вайны, толькі за мінулы год забілі больш за 23 тысячы чалавек.

Адзначаючы гуманітарную катастрофу ў краіне, з якой збегла да суседзяў ужо каля 10% насельніцтва, каталіцкія біскупы Венесуэлы таксама прызналі Гуаідо новым лідарам краіны.

Пазіцыя сілавікоў

Гуаідо абяцае правесці вольныя і справядлівыя выбары, атрымаць маштабную міжнародную гуманітарную дапамогу, правесці эканамічныя рэформы і даць амністыю вайскоўцам і паліцэйскім, калі яны дапамогуць скінуць Мадуру. З вялікай верагоднасцю менавіта генералы і афіцэры па сутнасці будуць вырашаць, каму аддаць уладу ў дзяржаве.

21 студзеня, пратэст у Каракасе. Напярэдадні былі арыштаваныя 27 вайсковых афіцэраў, якія выступілі супраць палітыкі Нікаляса Мадура. Фота Roman Camacho/SOPA

Рэальны ўплыў у Венесуэле дагэтуль у руках Мадуры, бо яму падпарадкоўваюцца спецыяльныя службы і армія – яны налічваюць больш за 500 тысяч чалавек у 30-мільённай краіне. Да таго ж сама амаль афіцыйная карупцыя «чавістаў» дапамагае Мадуры кантраляваць генералаў.

За гады кіравання Чавеса і Мадуры ўтварылася сістэма, калі за «вернасць правільнаму лідару» галоўныя сілавікі атрымліваюць шырокія магчымасці раздаваць дзяржаўныя кантракты блізкім да іх структурам, займацца кантрабандай нафты і наркотыкаў, не кажучы ўжо пра хабарніцтва.

Такім чынам, Гуаідо можа атрымаць падтрымку хутчэй сярод афіцэраў, сяржантаў і жаўнераў, чым сярод кіраўніцтва арміі і спецслужбаў.

Аляксандр Гелагаеў/Belsat.eu

Меркаванні
Яго прызнаў Трамп!
2019.01.24 12:56
Стужка навінаў