«Трэшчы – не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы». Масавае вадохрышчанскае купанне зладзілі ў Горадні. ШМАТ ФОТА


Сотні гарадзенцаў акунуліся ў ледзяную ваду на возеры Юбілейнае на свята Богаз’яўлення. Дзясяты год запар на праваслаўнае Вадохрышча гарадзенскія маржы, вернікі ды проста ўсе ахвотныя, акунаюцца ў ваду. Прычыны ў кожнага свае: нехта з дапамогаю рытуалу спрабуе змыць грахі, нехта проста захоўвае традыцыю, а іншы загартоўвае цела, каб увесь наступны год не хварэць.

Пасля таго, як над купеллю памаліўся праваслаўны святар, некалькі сот чалавек па чарзе заходзяць у ваду і тройчы акунаюцца перад крыжам, усталяваным на купелі. Кожны выходзіць чырвоны і задаволены.

«Кожны год разам з дзецьмі купаемся. Зараз вось дачка пойдзе 13 гадоў і сын 19 гадоў. Ніколі не хварэем. Вось зараз стаю без вопраткі і мне цёпла. Неяк з хлопцамі на працы вырашылі «булькнуцца» і паехала. Канешне, на пачатку вада здаецца жорсткай, але потым як выходзіш самы кайф пастаяць, пачынаеш грэцца. Мы верым з сям’ёй, ездзім на крыніцы святыя і там купаемся. Паспрабуйце, вам спадабаецца», – заахвочвае да купання Руслан.

Святкаванне Вадохрышча на возеры Юбілейнае пад Горадняй. . Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Праваслаўныя вернікі звязваюць Вадохрышча з біблейскімі падзеямі, калі Ян Прадвеснік на рацэ Іярдан пахрысціў Ісуса, і тады з’явілася Святая Тройца. У памяць аб гэтай падзеі святары 19 студзеня асвячаюць ваду, якая лічыцца цудадзейнай. Вадохрышчанскую ваду даюць выпіць хвораму, ёй апырскваюць хатнюю жывёлу, садовыя дрэвы, поле перад сяўбою, новую хату перад засяленнем і нават труну перад тым, як пакласці ў яе нябожчыка. Кажуць, што з асвячонай вады ўцякае чорт на вярбу, пакуль яе не пасвяцяць на Вербніцу.

«Кожны год купаемся. Адчуванні выдатныя! У гэтым годзе і зяця выцягнуў. Раней у лазню хадзіў гарадскую, у снегу выкачваўся. Для здароўя добра. Потым не хварэеш цэлы год. У гэты дзень ніколі ніхто не захварэе. На гэтае свята неба адкрываецца, як партал і дае чалавеку сілы і здароўе», – запэўнівае Мікалай, які толькі выйшаў з купелі.

Святкаванне Вадохрышча на возеры Юбілейнае пад Горадняй. . Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Існавалі розныя прыкметы звязаныя з гэтым днём. Калі на Вадохрышча сцюдзёна, то ў жніво будзе горача. Снег у гэты дзень абяцаў урадлівы год, грыбное лета, але чакалася чарвівая капуста. Вадохрышча зазвычай супадала з самымі халоднымі днямі зімы, пасля якіх год паварочваўся на лета: «Трэшчы – не трэшчы, прайшлі Вадахрэшчы. Не к Раству, а к Пятру!».

Аб’ектыў
Магія Шчодрыка. Як продкі варажылі ў шчодры вечар
2019.01.13 21:00

ПВ, фота Васіль Малчанаў, belsat.eu

Стужка навінаў