За што Крэмль помсціць Лукашэнку




Фэйкі, правакацыйныя матэрыялы федэральных каналаў і актыўнасць троляў у інтэрнэт-прасторы. Першыя тыдні новага года адзначыліся маштабнай інфармацыйнай атакаю на Беларусь з боку Масквы. Эксперты не сумняюцца: гэта першыя залпы перад сапраўднаю вайною.

Русафобы і нацыяналісты. Тэлеканал НТВ прысвяціў некалькі хвілінаў эфірнага часу, каб распавесці пра рост нацыяналізму ў Беларусі. Зрэшты, паводле расейскіх прапагандыстаў, да 20-га стагоддзя гэткіх дзяржаваў, як Беларусь і Украіна, наагул не існавала.

Нагодаю для панядзелкавай інфармацыйнай атакі стала заява Партыі БНФ пра неабходнасць абмежаваць трансляцыю расейскіх тэлеканалаў у Беларусі. Рост нацыяналізму журналісты НТВ праілюстравалі выпадкам, калі адзін з пасажыраў менскага метро нібыта выгнаў з вагону мужчыну ў казацкай шапцы са словамі «чамадан, вакзал, Расея». Шмат хто ў Беларусі называе інфармацыю такога кшталту непраўдзіваю.

«Па-першае, гэтыя фэйкі, гэтая фактычна псіхалагічная аперацыя супраць афіцыйнага Менску, гэта асабістая помста Аляксандру Лукашэнку з боку расейскіх высокіх чыноўнікаў. Другі момант – гэта спроба неяк дэмантаваць яго ў вачах жыхароў Расеі, сярод якіх ён вельмі папулярны на сённяшні дзень. Лукашэнка – самы папулярны замежны палітык у Расеі. Ягоны ўзровень папулярнасці параўнальны з пуцінскім», – кажа кіраўнік праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў.

Згодна з апошнім апытаннем Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскага меркавання летась Лукашэнку давяралі ажно дзве траціны расейцаў. За 8 гадоў рэйтынг вырас у чатыры разы.

Давер да Аляксандра Лукашэнкі ў Расейскай Федэрацыі

«Сацыялагічныя апытанні з’яўляліся ў снежні, і рэйтынг Лукашэнкі сапраўды даволі высокі. Таму, я думаю, беларуская тэма непакоіць шырокі слаі насельніцтва, але не настолькі сурʼёзна, каб надаваць сурʼёзнае значэнне. Пры гэтым, я нагадаю, што тэма Украіны да гэтай пары не сыходзіць з галоўных расейскіх медыяў, але мы бачым, што беларускай тэмы там няма», – гаворыць маскоўскі палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Hавiны
Кісялёў лічыць, што Беларусь без Расеі знікне
2019.01.13 21:50

Не было да апошняга часу. За дзень да матэрыялу пра рост нацыяналізму тэму Беларусі закрануў вядомы расейскі прапагандыст Дзмітрый Кісялёў. На федэральным тэлеканале ён разважаў пра прывідную будучыню Беларусі без Расеі. На меркаванне палітолага Вольгі Харламавай, такім чынам Крэмль спрабуе перакінуць адказнасць за кепскія адносіны на афіцыйны Менск.

«Дзеля таго, каб не тлумачыць сваім, чаму гэтыя адносіны сапсаваліся, чаму паміж Расеяй і Беларуссю апошні год-паўтара заўважаюцца досыць сурʼёзныя супярэчнасці, вось яно тлумачэнне: з-за таго, што ў Беларусі – нацыяналісты, з-за таго, што з Беларусі збіраюцца зрабіць другую Украіну. І як мы можам сябраваць, быць партнёрамі з такой вось краінай?», – задаецца пытаннем даследніца прапаганды Вольга Харламава.

Да гэтай пары найбуйнейшая інфармацыйная атака Масквы адбылася 9 гадоў таму на фоне спробаў Масквы абмежаваць субсідыі Менску. Тады тэлеканал НТВ выпусціў серыю фільмаў пад назваю «Хросны бацька», скіраваных наўпрост супраць Аляксандра Лукашэнкі. На меркаванне кіраўніка праекту «Belarus Security Blog», гэтым разам варта чакаць чагосьці падобнага.

«Тым больш што Аляксандр Лукашэнка пасварыўся не з Мядзведзевым, як гэта было ў 2010 годзе, а асабіста з Пуціным. Таму хутчэй за ўсё ў 2019 годзе мы станем сведкамі маштабнай інфармацыйнай псіхалагічнай аперацыі супраць беларускіх уладаў. І я думаю, гэта толькі першыя залпы».

На думку эксперта, Масква будзе імкнуцца паўплываць не толькі на меркаванне жыхароў Расеі, але таксама і Беларусі.

«Яны будуць ціснуць на тое, што пагаршэнне жыцця, эканамічны крызіс, складанасці адбываюцца праз незгаворлівасць асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Што калі б ён больш актыўна ішоў насустрач Крамлю, то жыццё простых беларусаў было б значна прасцейшым», – дадае Паротнікаў.

Ці будуць гэтыя атакі паспяховымі? Эксперты сумняюцца. У першую чаргу праз тое, што беларускае грамадства мала цікавіцца палітыкай і скептычна ставіцца да інфармацыі, якую транслююць дзяржаўныя каналы.

«Мне падаецца, што расейскія паліттэхнолагі не зусім улічваюць тое, што ў Беларусі іншае ўспрыняцце інфармацыі. І тое, што працавала тры, чатыры, пяць гадоў таму, яно перастала працаваць зараз. Беларусы стаміліся ад той колькасці негатыўнай інфармацыі, якую Расея рэгулярна ўкідвае», – адзначае.Вольга Харламава.

Hавiны
Салаўіныя трэлі і кісельныя берагі: трансфармацыя расейскіх прапагандыстаў
2018.07.08 12:14

У той да час Андрэй Паротнікаў лічыць, што «у беларускіх уладаў ёсць гэткі брутальны рычаг, як рубільнік. Яны проста могуць абмежаваць доступ да расейскіх медыяў у беларускую інфармацыйную прастору».

Больш небяспечная – інтэрнэт-прастора. Напярэдадні «Facebook» заявіў пра выдаленне больш як 300 фэйкавых старонак і акаўнтаў, каардынаваных з Расеі. Паводле карпарацыі, яны займаліся ўмяшаннем у справы краінаў былога Савецкага Саюзу, у тым ліку Беларусі.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Стужка навінаў