Лукашэнка прыгразіў Расеі, што тая страціць саюзніка і загаварыў пра дыверсіфікацыю паставак нафты


Падчас нарады пра сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ў 2019 годзе і падыходах да далейшага развіцця інтэграцыйных напрамкаў, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што сёлета плануецца завяршэнне мадэрнізацыі двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, пасля чаго Беларусь зможа набываць нафту для наступнай перапрацоўкі не толькі ў Расеі.

«Я ўжо даўно ставіў задачу, і нам трэба яе вырашыць: стварыць альтэрнатыўную пастаўку нафты праз прыбалтыйскія парты. Калі літоўцы не згодны – з латышамі дамовіцца і набываць гэтую нафту. Перапрацоўваць на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе і забяспечваць балтыйскія рэспублікі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

ВІДЭА
Беларусь можа страціць $ 8-12 млрд. праз расейскі падатковы манеўр
2018.12.13 14:53

Паводле словаў кіраўніка краіны, для краін Балтыі гэта будзе танней, чым цяпер, калі яны набываюць нафтапрадукты па сусветных коштах.

«Можна дамовіцца так, што гэта будзе наша агульная нафта, якую мы перапрацуем на мадэрнізаваным Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. Тым больш у нас нават ёсць некаторыя магчымасці ў гэтым плане», – заўважыў кіраўнік Беларусі.

Пры гэтым Лукашэнка заклікаў не гіпербалізаваць праблемы, звязаныя з стратамі беларускага бюджэту праз падатковы манеўр у Расеі, а шукаць іншыя надзейныя крыніцы, якія кампенсуюць гэтыя негатыўныя моманты.

«Але хачу папярэдзіць: пра такія рашэнні, як перакладанне гэтых праблем на плечы нашых людзей, беларусаў, нават не думайце. Насельніцтва не павінна адчуць ніякага дадатковага цяжару. Прынамсі ў гэтым, наступным годзе наагул няма ніякіх праблемаў, нават калі б мы нічога не кампенсавалі», – цытуе словы Лукашэнкі яго прэсавая служба.

На думку кіраўніка дзяржавы, зарабіць дадатковыя $ 400 млн для Беларусі не праблема.

«Па парытэту пакупніцкай здольнасці, як цяпер прынята лічыць, ВУП Беларусі – каля 80 мільярдаў долараў. Што тут за праблема? Няма такой. Таму не трэба лічыць, што гэта катастрофа. Калі абярэ кіраўніцтва Расеі такі шлях і страту адзінага саюзніка на заходнім напрамку, гэта іх выбар. Мы ж іх прымусіць не можам», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Hавiны
«Ніхто нікога не нахіліць». Лукашэнка не хоча аб’ядноўвацца з Расеяй
2019.01.10 13:37

СК, belsat.eu

Стужка навінаў