Без улюбёнай візы. Што цяпер?




Візы на закупы ў Польшчу адмянілі, але гэта не праблема. З 2 студзеня польскія дыпламатычныя пляцоўкі прыпынілі выдачу самай народнай візы. У Міністэрстве замежных справаў Польшчы кажуць, што змены маюць тэхнічны характар і ніякім чынам не адаб’юцца на колькасці дазволаў на паездку на Захад. Варшава зацікаўленая ў тым, каб надалей заставацца максімальна адкрытаю для беларусаў, кажуць польскія дыпламаты. Што яшчэ новага для беларусаў у Польшчы?

Пачатак новага года прынёс навіны для тых, хто любіць хадзіць па крамах за заходняю мяжою. Польшча адмяніла самую любімую сярод беларусаў візу – на закупы. Польскія ўлады пераконваюць, што пастанова тэхнічная і няма падставаў панікаваць.

«Польшча штогод выдае каля 400 тысячаў шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі. Гэта самая вялікая лічба з усіх еўрапейскіх краінаў. Гэта амаль палова ўсіх візаў Еўрапейскага Звязу, якія атрымліваюць беларусы», – кажа дарадца амбасады Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцехоўскі.

Суразмоўца «Белсату» адзначае: афіцыйная Варшава імкнецца і надалей захаваць гэтую тэндэнцыю, каб Польшча заставалася максімальна адкрытая для нас усіх. Змены выкліканыя неабходнасцю дапасоўваць візавыя правілы Варшавы да правілаў іншых еўрапейскіх краінаў. Калі раней дастаткова было задэклараваць жаданне паехаць па набыткі, то цяпер з’явіліся новыя патрабаванні.

Міністэрства замежных справаў Польшчы адказала на наш запыт:

«Грамадзяне Беларусі будуць па-ранейшаму мець магчымасць атрымаць кароткатэрміновыя візы тыпу С. З пункту погляду грамадзяніна Беларусі змены пры атрыманні візаў будуць неадчувальныя. У адпаведнасці з адзіным спісам дакументаў, новаўвядзеннем будзе рэзервацыя гатэлю ў Польшчы або арэнда памяшкання цягам усяго тэрміну перабывання».

Разам з адменаю візаў па набыткі Варшава з 1 студзеня змяніла і правілы выдавання працоўных візаў у бок яшчэ большай лібералізацыі. Польскія працадаўцы цяпер могуць на дзевяць месяцаў запрашаць замежнікаў на сезонныя працы, напрыклад, у сельскай гаспадарцы, у гатэльным бізнесе або ў агратурыстычнай сферы. Пры гэтым дастаткова толькі заявы будучага працадаўцы, адмысловы дазвол на працу не патрэбны. У польскай амбасадзе ў Менску «Белсату» патлумачылі, што сітуацыя з адменаю візы па набыткі выглядае зусім не крытычна, пра ўсе змены стала вядома яшчэ да новага года.

«На самым пачатку былі пытанні, але цяпер, калі інфармацыя ўжо распаўсюджаная медыямі, людзі спакойна падаюць дакументы, тыя, хто не ведаў пра змены, маюць час на тое, каб неабходныя дакументы дадаць да ўсяго пакету на атрыманне візы», – адзначае Марцін Вайцехоўскі.

Колькасць візаў, якія выдае Польшча беларусам, расце. 398 тысячаў у 2016 годзе і ўжо 418 тысячаў у 2017-ым. Кошт шэнгенскай візы цяпер складае 60 еўраў, і, калі б цэны на візы знізіліся, цалкам можа быць, што беларусы паставілі б новы рэкорд у атрыманні дазволаў паехаць у Еўразвяз. Але пакуль пытанне коштаў увязваецца з колькасцю работнікаў польскіх консульстваў у Беларусі. Тут афіцыйны Менск не хоча ісці насустрач.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Стужка навінаў