У Берасці журналістам зноў далі штрафы за працу


Перад самым Новым годам незалежныя журналісты Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук атрымалі чарговыя «падарункі» ад улады: штрафы і новую позву ў суд.

Суддзя суда Ленінскага раёну Берасця Святаслаў Каліна аштрафаваў Алеся Ляўчука на 50 базавых велічынь (1225 рублёў), а Мілану Харытонаву – на 30 базавых (735 рублёў).

Нагадаем, 6 снежня абласны суд стаў на бок журналістаў і адмяніў рашэнне суду Ленінскага раёну Берасця ад 30 лістапада, а справу адправіў на новы разгляд. Але ўжо 21 снежня суд Ленінскага раёну зноў прыняў тое ж рашэнне, што і раней – 1960 рублёў штрафу на дваіх.

Hавiны
Абласны суд заняў бок незалежных журналістаў, але яны ўпэўненыя: гэта не перамога
2018.12.06 15:32

– Я добра ведаю гэту схему. У судзе першай інстанцыі ўсе адбываецца са шматлікімі парушэннямі закону, але ты атрымліваеш штраф, пасля абласны суд адмяняе гэты штраф, а пад час новага разгляду ўсё пачынаецца наноў, але штраф ты атрымліваеш стары. Такую схему супраць мяне ўжывалі ў гэтым годзе ўжо два разы, – распавёў belsat.eu Алесь Ляўчук.

Журналісты не бралі ўдзел у судовых паседжаннях, бо лічаць іх фарсам. Дарэчы, журналістам даслалі яшчэ адзін ліст з Ленінскага суду Берасця. У ім паведамляецца, што Ляўчука і Харытонову судзілі 19 снежня і суддзя Зміцер Шурын адміністрацыйную справу супраць журналістаў спыніў «у сувязі са сканчэннем тэрміну накладання адміністрацыйнага спагнання».

– Што за справа, па якой нас судзілі, мы не ведаем, – кажа журналіст. – Нас ніхто не апытваў. Вось 9-га студзеня нас зноў будуць судзіць, ужо па іншай справе. Толькі мы зноў не ведаем за што.

Сёлета на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КоАП РБ (праца на замежнае СМІ без акрэдытацыі) Ляўчука і Харытонаву судзілі ўжо сем разоў, іх агульны штраф склаў 10625 рублёў.

ХВ/belsat.eu

Стужка навінаў