Схема сям’і Лукашэнкі. Што ён падпісаў?




Размаўляючы пра вынікі году папярэдняга – 2017, мы канстатавалі ўзмацненне хвалі інфармацыйных атакаў з Расеі ня толькі на афіцыйны Менск, але і ўвогуле на Беларусь. Маўляў, растуць нацыяналістычныя настроі, ідуць украінскім шляхам і гэтак далей. Выглядае на тое, што пад занавес гэтага году Крэмль пераходзіць ад словаў да справы. Цяпер Расея адкрыта падрывае незалежнасць Беларусі.

Што пачуюць у апошні вечар 2018 году беларусы ад свайго афіцыйнага лідара? Віншаванні Аляксандра Лукашэнкі з году ў год гучаць усё больш пагрозліва.

2017

«Суверэнная і незалежная Беларусь апынулася ў цэнтры міравых геапалітычных падзяеў»

Так казаў Лукашэнка, калі спрэчка аб кошце за расейскі газ была ў самым разгары. У чарговую навагоднюю ноч беларусаў папярэджвалі аб эканамічных складанасцях.

2018

«Намі прынятыя рашучыя захады аб змяненні нашай эканомікі, што непазбежна прывядзе да зменаў у нашым грамадстве»

Да апошніх месяцаў 2018 падавалася, што гэтым разам абыйдзецца без большых спрэчак з галоўным хаўруснікам. Лукашэнка традыцыйна наракаў на інтэграцыйныя праблемы, раз на нейкі час нагадваў пра кампенсацыю за падатковы манеўр, пакуль раптам у Берасці расейскі прэм’ер не паставіў Менск перад выбарам з двух варыянтаў.

«Адзін – кансерватыўны – пры захаванні контураў той саюзнай дзяржавы да тых межаў, што ўсталяваныя дамовай ад 1999 году», – заявіў прэмʼер-міністр Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў.

Пры гэтым варыянце – пра далейшыя нафтавыя субсідыі Беларусь можа забыцца – толькі тут цягам шасці гадоў Беларусь страціць нават да 12 мільярдаў долараў. Другі варыянт – яшчэ горшы – рэальная інтэграцыя: супольная мытня, суд і валюта. У Беларусі абурыліся ўсе.

«Гэта комплексны падыход, які накіраваны на падрыў незалежнасці Беларусі. Проста цяпер Крэмль стаў адкрыта пра гэта казаць, а значыць, што яны пачалі пасылаць сігналы ня толькі беларускім элітам, але і беларускаму грамадству», – мяркуе дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсен Сівіцкі.

Hавiны
Мядзведзеў стварыў працоўную групу, якая зоймецца праблемамі беларуска-расейскай інтэграцыі
2018.12.28 18:09

У Маскве тлумачаць – ультыматум Мядзведзева, дакладна гучаў раней і не раз, толькі за закрытымі дзвярыма. Пакуль сам Лукашэнка не выносіў смецце з інтэграцыйнай ізбы да журналістаў:

«Мы маем горшыя ўмовы, чымся Нямеччына, я ўжо пра гэта казаў – нібыта ваявалі супраць Нямеччыны ўсе разам, а нашыя людзі маюць такую сітуацыю»

Такія наўпроставыя патрабаванні яшчэ ніжэйшага кошту на газ, ды заявы аб ледзь не абавязку Масквы дакінуць нафтадолараў сталі апошняй кропляй – кажуць у Маскве

«Раней неяк давалі зніжку на палітычны тэмперамент Аляксандра Рыгоравіча, маўляў пагаворыць, ды скончыць, а цяпер ён атрымаў у адказ. І адчуў– як гэта непрыемна, калі тое, што кажуць за закрытымі дзвярыма – кажуць публічна»,– кажа намеснік дырэктара Інстытуту краін СНД Уладзімір Жарыхін.

Меркаванні
Разабраць як каляднае парася
2018.12.26 11:17

Праўда, публічна казалі яшчэ шаснаццаць гадоў таму – калі прапаноўвалі ўваходзіць у Расею «шасцю вобласцямі». Дый апанент Лукашэнкі на адзіных дэмакратычных выбарах у нашай краіне Вячаслаў Кебіч абяцаў увесці адзіную валюту. Чаму цяпер кажам пра рэальную пагрозу незалежнасці?

«На расейскім баку такая больш кансалідаваная пазіцыя эстэблішменту наконт таго, што субсідыі для Беларусі мусяць скончыцца, а калі яны працягнуцца мусіць быць больш паглыбленая «інтэграцыя» у склад Расеі», – адзначае дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Набліжанныя да крыніцаў з Крамля палітолагі абураюцца велічынёю падтрымкі свайго хаўрусніка.

«121 мільярд за апошнія дваццаць год – мы такі лічнік вядзем. Ён сядзіць пасярэднікам перапродажы расейскага газу, цэлая сям’я сядзіць на продажы нафтапрадуктаў. Гэта іхны промысел», – кажа маскоўскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Падобную лічбу 20 снежня агучыў і Уладзімір Мілоў, былы намеснік міністра энергетыкі Расеі:

«Грунтуючыся на дадзеных МВФ, дзе яны называюць такую жахлівую лічбу – больш за 100 мільярдаў долараў за 10 годдзе Расея перадала Беларусі ў выглядзе самых розных формаў эканамічнай дапамогі».

Хіба ня ведалі ў Крамлі, у чыю кішэню ішлі тыя грошы? Ці можа Лукашэнка ня ведаў, што калісці атрымае крамлёўскі рахунак?

«Жадання парваць з гэтай схемай у Беларусі пакуль што ня бачна і гэта зноў такі, як і казалі на працягу ўсіх гадоў кіравання Лукашэнкі – менавіта гэтая схема стварае галоўную небяспеку незалежнасці Беларусі»,– гаворыць Андрэй Ягораў.

ВІДЭА
«Расея праглыне Беларусь, а Лукашэнка ўцячэ». У Кіеве абмеркавалі лёс нашай краіны
2018.12.28 09:37

Бо Крэмль задае ў пэўным сэнсе – цалкам абгрунтаванае пытанне аб пагадненні 20 гадовай даўніны.

«Ну трохі непрыстойна выглядае – 20 год прайшло, а многія пункты, што там прапісаныя, якія падпісаў Лукашэнка і каторыя цяпер грозна клічуць «пазбаўленнем Беларусі незалежнасці»… а што ты тады падпісваў», – задаецца пытаннем Уладзімір Жарыхін.

Чаму падпісваў – не сакрэт – быў рэальны шанец узабрацца на крамлёўскі прастол. Цяпер жа пытанне ў тым – ці здолее Лукашэнка ўтрымаць уладу без расейскай дапамогі?

«Беларускі прэзідэнт можа ўтрымаць уладу без расейскага падтрымання. І безумоўна пры гэтым адбудзецца рэзкае зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва», – лічыць Жарыхін.

Іншая справа, што цяжка ўявіць такі сцэнар спакойнага адыходу ад Крамля. Ці паслякрымская Расея проста адпусціць дэ-факта свой актыў, у які ўклала больш за сто мільярдаў долараў?

«У Крамля няма стратэгіі пераадолення ўнутранага крызісу і таму новы сацыяльны кантракт таксама будзе геапалітычны і вось Беларусь разглядаецца, як такі магчымы геапалітычны поспех», – прадказвае Арсен Сівіцкі.

Поспех патрэбны, бо ў 2024 годзе Пуцін ня зможа пераабрацца на прэзідэнта Расеі, хіба што зноў давядзецца мяняць канстытуцыю. Затое можа з трыумфам стаць прэзідэнтам Саюзнай дзяржавы. У Менску тое разумеюць, таму наступны год можа стаць нечакана напружаным для Беларусі.

«Расейскі фактар будзе граць вялікую ролю. Я бы не выключаў таго, што прэзідэнцкія выбары могуць прайсці раней – напрыканцы 2019 года», – дадае Сівіцкі.

У сваёй уласна гульні Лукашэнка прайграе ўсю краіну – усіх нас. Але напярэдадні Новага Году варта задумацца пра будучыню.

«Лукашэнка раней, ці пазней сыдзе. Але страта краіны – гэта праблема для беларусаў, для нацыі, для народу – для тых, хто тут жыве, а не для гэтага рэжыму», – адзначае Андрэй Ягораў.

Сёлета мы даведаліся, што ў Беларусі сапраўды з’явіцца расейская зброя – ужо налета прыедуць комплексы радыёэлектроннай барацьбы «Самарканд». Нашыя суседзі наўпрост кажуць аб паглынанні Беларусі, а некаторыя палітыкі там заклікаюць ужо праводзіць адпаведны рэферэндум. Але самае змрочнае, што бяззменны лідар можа ў адказ толькі ездзіць у Маскву і прасіць яшчэ грошай.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Стужка навінаў