«Коммерсант»: Менску ледзь не адкрытым тэкстам казалі: хочаце ільготаў – уваходзьце ў склад РФ


У Масквы жорсткая жорсткая пазіцыя наконт перамоваў з Менскам, а мадэль паводзінаў Лукашэнкі там лічаць «утрыманскай». Пра гэта піша расейскае выданне «Коммерсант» са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Паводле словаў расейскага чыноўніка, блізкага да перамоваў РФ і Беларусі, у бакоў нават «тэрміналагічныя рознагалоссі» у тым, што датычыць кампенсацыі стратаў ад падатковага манеўра.

«Мы гэта кампенсацыяй называць не збіраемся. Калі і будзе нешта, то ў рамках падтрымання ва ўмовах няпростай сітуацыі», – адзначыў ён у размове з выданнем.

Высокапастаўленая крыніца ва ўрадзе Расеі ў адказ на пытанне журналіста, што не задавальняе ў Маскву ў палітыцы Менску, заявіла:

«Лукашэнка хоча падыходзіць да саюзнай дамовы выбарачна. І па сутнасці, працягваць утрыманскую мадэль паводзінаў, не несучы ніякіх сацыяльных і палітычных выдаткаў, якія пры больш глыбокай інтэграцыі аб’ектыўна непазбежныя».

Паводле яго слоў, пасля сустрэчы кіраўнікоў краін стане зразумела, наколькі жорстка РФ збіраецца абумоўліваць прадстаўленне Беларусі ільготаў па нафце і газу паскарэннем інтэграцыі.

Суразмоўцы ў беларускіх дзяржструктурах сказалі «Коммерсанту», што на перамовах па нафтагазавых пытаннях Менску ледзь не адкрытым тэкстам казалі: жадаеце льгот – уваходзьце ў склад РФ на правах субʼекта. Менавіта гэтым тлумачацца апошнія гучныя заявы Аляксандра Лукашэнкі пра стасункі з Масквой.

У МЗС РФ запэўнілі, што такога ўльтыматуму не было і «ніхто нікога нікуды не заганяе». У той жа час крыніца ў дыпламатычным ведамстве адзначае, што ў Масквы «ёсць планы прасунуцца па саюзнай дамове, і планы сурʼёзныя». Такім чынам, цяперашняя перамоўная пазіцыя Масквы выглядае даволі жорстка, рэзюмуе выданне.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў