Навагодні сюрпрыз ад «Белсату»: перасоўны рэстаран для хлопца, у якога рэдкая хвароба


Да ўдзелу ў шоу «Я не буду гэтага есці!» мы запрашаем вядомых людзей з кулінарнымі траўмамі. Задача нашых шэф-кухараў Вольгай Прыгаравай і Аляксандра Чыкілеўскага – прыгатаваць ненавісную страву або прадукт гэтак, каб госцю спадабалася. Але гэтым разам усё будзе інакш. Гатаваць мы будзем тое, што наш герой хацеў бы есці штодня.

Дзіму Жызнеўскаму 17 гадоў, і ён – наш верны глядач. Адразу пасля нараджэння ў яго дыягнаставалі фенілкетанурыю – генетычнае захворванне, пры якім трэба пажыццёва прытрымлівацца складанай нізкабялковай дыеты.

Дзіма ніколі не еў ні мяса, ні нават хлебу. Аснова ягонага рацыёну – садавіна, гародніна і спецыяльныя нізкабялковыя прадукты. У Беларусі дзяцей да 18 гадоў дзяржава забяспечвае харчовымі сумесямі, у якіх няма фенілаланіну. Гэта амінакіслата, таксічная для хворых фенілкетанурыяй (ФКУ), паколькі выклікае пабочную рэакцыю арганізма і ў дзіцячым узросце можа спрычыніцца да атрафіі галаўнога мозгу.

Пасля 18 гадоў такія людзі застаюцца без дапамогі дзяржавы. Даросламу на месяц трэба 5–6 упаковак сумесі. Адна каштуе $ 150. Але гэта не адзіная праблема. У большасці ўстаноў беларускага грамадскага харчавання не гатуюць нічога, што мог бы з’есці хворы фенілкетанурыяй. Таму Дзіму даводзіцца здавольвацца чорнаю кавай, пакуль ягоныя сябры паглынаюць марозіва, запіваючы латэ.

Наш герой рыхтуе сабе сам і нават вядзе свой YouTube-канал, на якім дзеліцца парадамі ды рэцэптамі з тымі, у каго дыягнаставалі ФКУ. Паколькі дазволеных да ўжывання прадуктаў не так і шмат, нават у самага знаходлівага блогера фантазія часам вычэрпваецца.

Якія ж стравы дададуць у калекцыю юнага блогера нашыя шэф-кухары? Аляксандр Чыкілеўскі прыгатуе цёплую салату з агародніны і грэнкі з хлебу без глютэну. Вольга Пыгарава прыдумала безглютэнавыя вафлі, а да іх – соусы з манга і авакада. Дзіма не пераставаў дзякаваць кулінарным гуру за дапамогу, але выбраць пераможцу яму ўсё ж такі давядзецца.

Дзіма Жызнеўскі з Аляксандрам Чыкілеўскім ў студыі «Я не буду гэтага есці!». Фота Таццяны Петрушэнка

І чыю ж страву абярэ наш герой? Глядзіце 16-ю серыю шоу «Я не буду гэтага есці!» (відэа вышэй).

Шоу «Я не буду гэтага есці!» глядзіце па нядзелях а 20:25 на тэлеканале «Белсат» на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») або онлайн.

Любіце гатаваць? Сачыце за абнаўленнямі на nebudu.belsat.eu, а таксама ў Facebook, «Одноклассниках» ды Instagram.

ІА, belsat.eu