На прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў Аляксандр Лукашэнка казаў не толькі пра стасункі з Расеяй, палітыку і эканоміку, але і распавядаў пра сябе. Belsat.eu падрыхтаваў падборку найбольш цікавых асабістых адкрыццяў Лукашэнкі.
«Калі я стаў прэзідэнтам, я рэагаваў на кожны скрып пяра маладога журналіста. І аднойчы ў мяне адбылася размова з Барысам Мікалаевічам. Адзіны чалавек, з якім я мог выпіць. Барыс Мікалаевіч, ну што гэта такое? Гэта ж няпраўда… Ён спытаў – ты што, газеты чытаеш і тэлевізар глядзіш? Табе што, рабіць няма чаго? Я тады задумаўся», – прызнаўся Лукашэнка.
Лукашэнка сказаў, што менавіта Ельцын навучыў яго спакайней ставіцца да крытыкі.
Лукашэнка расказаў, што з найвялікшым хваляваннем ставіцца да жывёлінаў. Асабліва да цялят.
«Каму помнік у Беларусі трэба паставіць, дык гэта карове», – перакананы Лукашэнка.
Ён таксама распавёў, што вельмі цяжка перажывае смерць хатніх жывёлінаў і таму адмовіўся ад прапановы сына ўзяць яшчэ аднаго сабаку. Цяпер, дадаў Лукашэнка, у яго жывуць тры ката і дзве сабакі.
Цікава, што ідэя стварыць помнік карове ў Беларусі з’явілася яшчэ з 2015 года, але дагэтуль застаецца нерэалізаванай. Плануецца, што скульптура будзе размешчаная ля Камароўскага рынку. Сёлета стала вядома, што ўлады збіраюцца прыцягнуць на гэты праект вялізарныя грошы – амаль $ 130 тыс.
«Я сам яшчэ той мацяршчыннік», – прызнаўся Аляксандр Лукашэнка. Пасля чаго абмовіўся, што мат не павінен гучаць публічна ці са сцэны.
Распавядаючы пра прапаганду падчас выкладання гісторыі, Лукашэнка прыгадаў, што «учора глядзеў на «Дожде» аднаго гісторыка» – праўда, не з самага пачатку. Верагодна, Лукашэнка меў на ўвазе інтэрв’ю тэлеканалу з аўтарам падручнікаў па гісторыі Расеі Леанідам Кацвай.
Нагадаем, «Дождь» – адзіны незалежны тэлеканал у Расеі. «Дождь» дазваляе сябе жорстка крытыкаваць Пуціна і палітыку Крамля.
Таксама Лукашэнка прызнаўся, што сочыць за некаторым тэлеграм-каналамі.
Нарэшце, Лукашэнка прыгадаў, што ён «былы фатограф». Праўда, дэталі сваёй працы фатографам Лукашэнка не распавёў.
ІІ, belsat.eu, паводле sputnik.by