Марская блакада, мінус USD 200 млн у год і дэфолт Украіны




Пасля сутыкнення ў Чорным моры Украіна страціла не толькі тры караблі. 23 маракі застаюцца ў палоне. Расея фактычна блакуе ўкраінскія парты ў Бярдзянску і Марыупалі. Пры гэтым падзеі мінулай нядзелі сталі кульмінацыяй напружанасці вакол Азоўскага мора.

Пасля анексіі Крыму Марыупаль стаў другім паводле значнасці (пасля Адэсы) портам Украіны. Тут перапрацоўваліся больш за 17 мільёнаў тонаў грузу за год – пабілі нават савецкі рэкорд. Апошнімі месяцамі ды асабліва сёння марыупальскія берагі свецяць пустэчаю.

Рабочыя Марыупальскага порту выказаліся пра сітуацыю ў размове з нашым карэспандэнтам:

«Перакрываюць Керчанскую пратоку. Мы рабочыя порту, мы хочам працаваць, хочам зарабляць, а як збудавалі гэты мост – у нас працы стала значна менш».

«Гэта не ўнутраная праблема порту, нейкае недапрацоўванне калектыву. Гэта вонкавая палітыка ў адносінах нашай дзяржавы».

Ува Украіне заяўляюць, што спробы марской блакады былі яшчэ ў красавіку. Уласна тады пачаліся рэгулярныя – сёлета больш за сотню – затрыманні гандлёвых караблёў, што ішлі ў Бярдзянск ці Марыупаль. Зрываліся пастаўкі грузаў настолькі, што Украіна перакінула туды сухапутным шляхам два браняваныя катары, падобныя да захопленых у нядзелю, – для суправаджэння гандлёвых караблёў. Праверкі практычна прыпыніліся. З Расеі ўсё бачыцца зусім інакш.

«Так, дагляды пачаліся – гэта праўда. Сапраўды дагляд ёсць. Але нагадаю, што ўся гісторыя ў Азоўскім моры пачалася з затрымання расейскага карабля «Норд», прыпісанага да порту «Керч», дзе быў экіпаж з расейскімі пашпартамі. Украінскі бок заявіў, што гэта іхныя грамадзяне, якія незаконна атрымалі расейскія пашпарты, што само па сабе абсурдна», – кажа старшыня экспертна-кансультацыйнай рады пры кіраўніку Крыму Сяргей Міхееў.

Той рыбацкі карабель украінцы затрымалі напрыканцы сакавіка, адразу пасля чаго Чарнаморскі флот рушыў на ўзмоцненае патруляванне Азоўскага мора. Калі блакада працягнецца, то толькі праз гэтыя два парты Украіна будзе губляць каля 200 мільёнаў долараў за год – гэта непасрэдныя страты ад перашкодаў у гандлі.

«Порт звычайна ў гарадах, кшталту Бярдзянск і Марыупаль, грае велізарную ролю – як працадаўца. І калі парты перастануць выконваць сваю функцыю, людзі страцяць працу. Па ланцужку, калі грузы не будуць перасоўвацца, то сумежныя кампаніі, што працуюць ля порта, таксама страцяць працу», – тлумачыць дырэктар праграмы «Інфраструктура будучыні» Уладзімір Шульмэйстэр.

Ужо цяпер чэргі ў рэгіёне Керчанскай пратокі павялічыліся ў два з паловаю разы. А людзі ў Марыупалі, мякка кажучы, занепакоеныя.

У Крамлі ж праблемы не бачаць. Маўляў, хіба надвор’е над пратокаю дрэннае.

«Нам вядома, што Керчанскі мост працуе ў звычайным рэжыме. Вы ведаеце, што часам праз надворʼе порт Керчы можа прымаць рашэнні аб рэгуляванні навігацыі», – сказаў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Сяргей Пяскоў.

Як пацвердзіў ужо не адзін адмысловец у марскім праве, атака на ўкраінскія караблі ў міжнародных водах – а менавіта там, а не ў берагавой зоне Крыму адбылося сутыкненне – парушае гэтае самае права і ёсць звычайнай агрэсіяй.

У Маскве тлумачаць, што, маўляў, украінскія караблі не захацелі прыняць на борт лоцмана-навігатара і не запрасілі дазволу на праход праз пратоку, а памежнікі проста рушылі наўздагон.

«Ну, агулам так, потым яны развярнуліся, але ўжо пасля таго, як іх неаднаразова прасілі прыпыніць рух. Дзе дакладна яны былі ў момант гэтага навалу (бо правільна казаць навал, а не таран, ад слова «наваліліся»), я дакладна не ведаю», – адзначае Сяргей Міхееў.

Спрэчка пра тое, прасілі ўкраінцы расейскіх памежнікаў аб праходзе ці не, можа цягнуцца бясконца. Якое выйсце ва Украіны? Наш украінскі адмыслоўца не бачыць плёну ад ваеннага становішча. Маўляў, адныя рызыкі і ніякіх пераваг. Нават чарговы транш ад МВФ на два мільярды долараў – пад вялікім пытаннем.

«Гэтыя рызыкі могуць прывесці наўпрост да дэфолту Украіны. Досвед апошніх пазык паказаў, што займаць пад цывілізаваныя стаўкі крэдытныя як краіна мы не можам. Стаўкі ў нас ужо пераддэфолтавыя. І гэта хіба кажа пра тое, што свет гатовы да дэфолту Украіны, і я асабіста зразумеў бы, калі б тое адбылося», – гаворыць Уладзімір Шульмэйстэр.

Ціснуць на Крэмль вайсковым чынам? Украінскі флот не мае нават тэарэтычных шанцаў у параўнанні з расейскім Чарнаморскім флотам. У Кіева сёння толькі адзін карабель, які можа пагражаць расейскім: флагманскі фрэгат «Гетман Сагайдачны».

У Расеі – упэўненыя, што ваеннае становішча – выключна ўнутраны крок. Маўляў, набліжаюцца выбары, а значыць, трэба падымаць рэйтынг Парашэнку. Пытанняў да ўкраінскага лідара стае і на Радзіме.

«Што за гэтыя 30 дзён будзе адбывацца такога, што нельга зрабіць у мірны час? Чаму ваеннае становішча ўводзіцца цяпер, а не ўводзілася ў 2014 годзе, ці 2015-м? Але гэта ў прынцыпе ўкладаецца ў логіку таго, што адбываецца ва ўкраінскай палітыцы: адсутнасць стратэгічнага бачання», – мяркуе Шульмэйстэр.

Дзеля справядлівасці, рэкордна нізкі апошнім часам рэйтынг Уладзіміра Пуціна таксама можа выправіцца пасля чарговай перамаганоснай аперацыі. Выраўняць шалі магла б толькі моцная міжнародная рэакцыя і падтрыманне Кіева. Але мінае вось ужо тыдзень пасля інцыдэнту, і вядома толькі, што новых санкцыяў Крэмль можа пакуль не баяцца.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Чытайце таксама:

Hавiны
Вось расейская акцыя! Дзе заходняя рэакцыя?
2018.11.30 21:05

Фота: Sergei Malgavko / TASS / FORUM

Стужка навінаў