У «справе БелТА» засталася толькі адна абвінавачаная


Крымінальная пераслед галоўнай рэдактаркі БелаПАН Ірыны Леўшынай у межах так званай «справы БелТА» спынены. Адзінай абвінавачанай засталася галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава.

Як паведамляе БелаПАН, 29 лістапада было задаволена яе хадатайства аб спыненні крымінальнага пераследу на падставе арт. 86 Крымінальнага кодэксу (вызваленне ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем асобы да адміністратыўнай адказнасці). Леўшына заплаціла адміністратыўны штраф у памеры 30 базавых велічыняў (735 рублёў).

Цяпер яна праходзіць па «справе БелТА» як сведка. Падпіска аб нявыезду скасаваная. Акрамя таго, Леўшынай вярнулі жорсткія дыскі, канфіскаваныя падчас ператрусаў у жніўні.

Такім чынам, на дадзены момант адзіным фігурантам «справы БелТА» застаецца галоўная рэдактарка парталу TUT.by Марына Золатава. Ёй прад’яўлена абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэксу («бяздзейнасць службовай асобы»). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкулу – 5 гадоў пазбаўлення волі.

  • «Справа БелТА» была распачатая паводле ч. 2 арт. 349 КК Беларусі – «несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі» (максімальнае пакаранне – 2 гады пазбаўлення волі). Паводле следства, цягам 2017-2018 гг. падазраваныя больш за 15 тыс. разоў незаконна карысталіся платнай падпіскай на стужку навінаў дзяржаўнага агенцтва БелТА.
  • Агулам 7-9 жніўня былі затрыманыя 18 журналістаў. Дзесяць з іх былі адпушчаны адразу пасля допытаў, 8 прадстаўнікоў СМІ ўзялі пад варту. Ператрусы адбыліся ў офісе TUT.by, БелаПАН, дзяржаўнай газеты «Культура» і «Навука», парталу Realt.by, а таксама кампаніі «АйТиВи».
  • Журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова і рэдактаркі TUT.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Ганна Ермачонак і Галіна Уласік правялі за кратамі 2 содняў і былі вызваленыя 9 жніўня. Таксама 9 жніўня выйшаў на свабоду рэдактар сайта газеты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў, якога затрымалі 8 жніўня. Галоўную рэдактарку БелаПАН Ірыну Леўшыну і карэспандэнта Deutsche Welle у Беларусі Паўлюка Быкоўскага вызвалілі 10 жніўня.
  • Усяго абвінавачанымі па «справе БелТА» праходзілі 15 чалавек. Праваабаронцы лічаць, што справа палітычна матываваная.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў