Лукашэнка даў «ураганнае» інтэрв'ю Сяргею Брылёву


Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Брылёў. Фота – president.gov.by

Расейскі тэлевядоўца Сяргей Брылёў узяў інтэрв’ю ў Аляксандра Лукашэнкі на патрэбы рэпартажу пра месца Беларусі ў Еўропе і Еўразіі.

«У адзін момант нашае сённяшняе інтэрвʼю з Лукашэнкам пераўтваралася ўва – ураганнае. Прынамсі, у мяне такіх размоваў яшчэ не было», – паведаміў Сяргей Брылёў у «Фэйсбуку».

Брылёў паабяцаў, што размову пакажуць у эфіры «Россия-24» двойчы: як частку рэпартажу пра Беларусь і яе месцы ў Еўропе і Еўразіі, а таксама як асобнае інтэрвʼю – перад самітам ЕАЭС.

Паседжанне кіраўнікоў краінаў ЕЭАС пройдзе 6 снежня ў Санкт-Пецярбурзе.

«Усё ў галовах. Ведаем, куды ісці, як ісці. Вопыт ужо ёсць. Усё ж такі няхай не дзесяцігоддзе, але хутка пяць гадоў Еўразійскаму саюзу. Прыклад ёсць – розныя саюзы, у тым ліку Еўрапейскі саюз. Мы разумеем, што трэба рабіць, а што нельга, каб да Брэкзіту не прыйсці, – сказаў Лукашэнка. – Усе ўмеем, але не ўсе робім. Вы ведаеце, мы самі ствараем праблемы: ствараюцца бар’еры ў гандлі, а мы дамаўляліся аб вольным руху капіталу, працоўнае сілы, тавараў, паслуг і гэтак далей. І ўсюды – я Дзмітрыю Анатольевічу [Мядзведзеву] з такім намёкам казаў: праглядвае нацыянальны эгаізм у гандлі. Але мы ведаем, што гэтага быць не павінна», – заявіў Лукашэнка.

На мінулым тыдні Сяргей Брылёў стаў героем чарговага расследавання Аляксея Навальнага, прысвечанага расейскім прапагандыстам.

Аўтары фільму прааналізавалі выданні Брылёва на расейскім тэлебачанні і прыйшлі да высновы, што іх яднае адно: у іх няма кепскіх навінаў, Расея напоўненая перспектывамі і пазітыўнымі чаканнямі, а крыніца святла і цеплыні – Пуцін.

Паводле следства Навальнага, так выйшла таму, што краіна Брылёва – не Расея, а Вялікая Брытанія, а ён сам – падданы Каралеўства.

«Следчыя таленты Аляксея Навальнага моцна перабольшаныя. Навошта расследаваць тое, што я ніколі не хаваў?», – напісаў Брылёў у «Фэйсбуку».

ДД

Стужка навінаў