«Отсидишь, когда будет нужно». Былога палітвязня Змітра Паліенку будуць судзіць за пропуск лекцыяў


Зміцер Паліенка. Фота з «Фэйсбуку» Марыны Насенка

26 лістапада міліцыя затрымала былога палітзняволенага Змітра Паліенку, які перастаў хадзіць на лекцыі, прызначаныя яму пасля вызвалення з бабруйскай калоніі.

«Гэта лекцыі па працаўладкаванню. Яны ладзяцца штодня, акрамя выходных. Змітру неабходна туды хадзіць «пакуль не знойдзе працу». Сумоўе, справы, дрэнна сябе адчувае – гэта не прычыны не прыходзіць. Агулам, такая практыка з лекцыямі есць, але толькі на працягу 10 дзён. Для Змітра асабіста гэты тэрмін неабмежаваны. Цяпер ён абскарджвае гэта з праваабаронцамі, але, як бачыце, гэта ні на што не ўплывае», – кажа «Белсату» сяброўка актывіста Марына Насенка.

Пасля размовы з супрацоўнікам Заводскага РАУСу Змітра Паліенку адвезлі ў Гарадскі аддзел міліцыі № 2, дзе на яго склалі два пратаколы.

Сябры Паліенкі меркавалі, што Змітра затрымаюць на ноч, але праз некалькі гадзінаў яго адпусцілі.

«Суд – 6 снежня», – паведаміла Марына Насенка.

Судзіць Паліенку будуць паводле артыкулу 23.4 КоАП («Невыкананне законнага патрабавання службовай асобы»). Яму пагражае адміністрацыйны арышт або штраф памерам да Br 1225.

Сябры Паліенкі лічаць сітуацыю з лекцыямі спробай кантраляваць актывіста, мець магчымасць затрымаць яго ў любы зручны момант (напярэдадні нейкай гучнай акцыі, напрыклад).

«У Змітра да гэтага часу ёсць сем содняў, якія яму прысудзілі яшчэ да пасадкі і якія ён гэтак і не адседзеў. У РАУСе наконт гэтага яму так і адказалі «не волнуйся, отсидишь когда будет нужно», – дадае Насенка.

У кастрычніку 2016-га Паліенку асудзілі на 2 гады зняволення з адтэрміноўкаю за нібыта напад на міліцыянта падчас роварнай акцыі «Крытычная маса», якая прайшла ў Менску. Акрамя таго актывісту інкрымінавалі здзяйсненне злачынства паводле ч. 2 арт. 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару).

Летась Паліенку зноў арыштавалі: 7 красавіка 2017 года суд скасаваў адтэрміноўку і адправіў актывіста адбываць рэшту тэрміну ў калонію ў Бабруйску. Там яго рэгулярна змяшчалі ў штрафны ізалятар, адміністрацыя таксама ціснула на актывіста псіхалагічна.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Паліенку вязнем сумлення.

ДД

Стужка навінаў