Дзеці-выхаванцы інтэрнату дапамагаюць УСУ ўмацоўваць берагавую лінію ў Марыупалі


У адным з рэабілітацыйных цэнтраў Марыупаля сёння ў сувязі з падзеямі ў Азоўскім моры адмянілі заняткі – выхаванцы выйшлі на берагавую лінію. Яны ўмацоўваюць пазіцыі разам з жаўнерамі Узброеных сіл Украіны.

Пра гэтую ініцыятыву мясцоваму парталу MRPL.CITY паведаміў кіраўнік дабрачыннага фонду «Рэспубліка Пілігрым», прыёмны бацька 33 дзяцей, капелан украінскай арміі Генадзь Махненка. Паводле яго словаў, для выхаванцаў інтэрнату, якім апякуецца фонд, гэта стане «добрым урокам патрыятызму».

«Сабралася чалавек 50. Гэта не дзейная лінія фронту, натуральна, туды мы б не павезлі дзяцей. Але гэта патэнцыйная лінія, тут могуць адбыцца атакі з мора – расейскія дэсантныя караблі на самай справе недалёка. Ператварыцца ў лінію фронту гэты ўчастак можа за некалькі хвілін.

Таму мы цяпер тут дапамагаем салдатам навесці парадак – некаторыя акопы трохі зараслі, у арсенале рыдлёўкі, пальчаткі. Гэта наша падтрымка ў гэтай вар’яцкай сітуацыі ў сувязі з тым, што здарылася ў Керчанскім праліве», – адзначыў Генадзь Махненка.

Выхаванцы «Рэспублікі Пілігрым» дапамагалі ўкраінскаму войску з першых дзён канфлікту, ад 2014 года. Дзеці і падлеткі плялі маскіравальныя сеткі, прывозілі неабходныя рэчы.

Як раней паведамлялася, у выніку сутыкнення ў Азоўскім моры параненыя шэсць украінскіх вайскоўцаў. З-за ўзброенага захопу Расеяй ваенных судоў Украіны, якія рухаліся ў Марыупаль, УСУ прыведзеныя ў рэжым поўнай баявой гатовасці. Прэзідэнт Парашэнка падтрымаў прапанову Савету нацыянальнай бяспекі аб увядзенні ваеннага становішча на 60 дзён.

ВІДЭА
Парашэнка падпісаў указ аб увядзенні ваеннага становішча. Хроніка падзеяў
2018.11.26 08:56

КА, belsat.eu

Стужка навінаў