Пасля расследавання «Белсату» амбасада Украіны звярнулася з афіцыйнай нотай у МЗС Беларусі


Намеснік міністра замежных справаў Украіны Васіль Боднар адказаў на пытанне карэспандэнткі belsat.eu наконт стаўлення афіцыйнага Кіева да гандлю беларускіх прадпрыемстваў з «ДНР» і «ЛНР». Паводле ягоных словаў, пасля расследавання журналістаў «Белсату» ў МЗС Беларусі была накіраваная афіцыйная нота.

«Нас, натуральна, не задавальняе ўзаемадзеянне якіх-кольвек беларускіх суб’ектаў прадпрымальніцтва з акупаванымі тэрыторыямі, гэта пярэчыць нашаму заканадаўству і разглядаецца як парушэнне нашага суверэнітэту. Калі факты наўпроставых паставак будуць даказаныя, мы пойдзем на такі крок як меры абмежавання», – распавёў Васіль Боднар.

Намеснік міністра падкрэсліў, што шэраг беларускіх кампаніяў, якія гандлююць з «ЛДНР», адначасова прысутнічаюць на ўкраінскім рынку і згубіць яго «будзе балюча».

«Карыстаючыся момантам, я хацеў бы звярнуцца да вытворцаў, што недобрасумленна ставяцца да сваіх абавязкаў перад Украінай і заклікаць іх спыніць узаемадзеянне з акупаванымі тэрыторыямі. Пасля публікацыі пра «Камунарку» (маецца на ўвазе расследаванне Белсату – заўв. рэд.) нашая амбасада афіцыйна звярнулася з нотай у МЗС Беларусі. Мы папрасілі папярэдзіць вытворцаў аб адказнасці і правесці расследаванне нелегальных паставак», – распавёў ён.

Паводле словаў Боднара, у выпадку наўпроставых паставак рэакцыя Кіева будзе «вельмі жорсткай». «Гэта будзе пакаранне для тых, хто парушае нашае заканадаўства», – сказаў ён.

Білборд з рэкламай беларускага піва “Крыніца” у Луганску, 2017 год
  • У 2017 годзе belsat.eu апублікаваў журналісцкае расследаванне пра тое, як буйныя беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы гандлююць з кампаніямі, што знаходзяцца ў так званых «ДНР» і «ЛНР». Тады гаворка вялася пра прадукты харчавання і алкаголь. Сярод іншых у наўпроставых пастаўках сваёй прадукцыі на падкантрольныя сепаратыстам тэрыторыі прызналіся на кандытарскай фабрыцы «Камунарка». «Так, мы працуем з Данецкам, – паведаміла «Белсату» намеснік генеральнага дырэктара «Камунаркі» па камерцыйных пытаннях Лілія Сівакова, – Гэта наўпроставыя пастаўкі».
  • Як стала вядома журналістам, часцей за ўсё схема гандлю выглядала так: беларуская кампанія вядзе наўпроставыя перамовы з аптовай фірмай з «ЛДНР», наўпрост пастаўляе ў Данецк і Луганск свой тавар, але фармальна мае кантракт, напрыклад, з расейскай фірмай, якая, у сваю чаргу так ці інакш звязаная з сепаратыстамі або Беларуссю. У некаторых выпадках беларускія прадпрыемства нават не карысталіся паслугамі фірмаў-пракладак, а пазначалі ў дакументах кампаніі з падкантрольных баевікам тэрыторыяў – гэтак, напрыклад, рабілі на прыватным заводзе «Слаўпрадукт» у Шуміліна Віцебскай вобласці.
  • Сёлета «Белсат» высвятліў, што на непадкантрольную Кіеву тэрыторыі таксама трапляе прадукцыя буйных прамысловых прадпрыемстваў – у прыватнасці, Менскага аўтамабільнага заводу.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў