Цяжар размеркавання: жытло з мышамі і заробак у 300 рублёў




У Беларусі кожны выпускнік сярэдняй або вышэйшай навучальнай установы, які атрымліваў адукацыю за кошт бюджэту і адвучыўся больш за палову тэрміну, падлягае размеркаванню. Калі выпускнік адмаўляецца ад яго, то мусіць кампенсаваць дзяржаве сродкі, выдаткаваныя на ягонае навучанне.

Напрыклад, студэнты, якія паступілі ў 2016 годзе ў БДУ, у выпадку адмовы ад размеркавання будуць плаціць больш за 12 тысяч долараў. Такія сумы мала каму па кішэні, таму выпускнікі трываюць цяжар размеркавання.

«З-пад падлогі, паміж дошак і камянёў, вылазілі шмат разоў мышы. Яшчэ бачыў як яны з столі вылазілі, але гэта ў пакоі», – распавядае пра сваё жыццё малады спецыяліст Глеб Ількавец.

Глеб – настаўнік малодшых класаў. Ён нарадзіўся ў Пінску, там жа і вучыўся. Летась паводле размеркавання трапіў у Валожынскі раён, аграгарадок Багданаў. Працуе ў мясцовай школе. Іншагародняму маладому спецыялісту, як і патрабуе закон, далі жытло. У першыя ж месяцы жыцця ў новай хаце хлопец спачатку ледзь не згарэў (агонь з печы перакінуўся на падлогу), а потым ледзь не замерз (мясцовыя ўлады не знайшлі дроваў маладому спецыялісту). Дом, у якім жыве Глеб, у народзе называюць калгасным, ён пабудаваны згодна з дзяржаўнай праграмай адраджэння сяла. Сюды селяць усіх, хто прыяжджае працаваць у Багданаў.

«Ездзіў у аддзел адукацыі Валожынскага раёну. Да начальніку. Прыехаў, кажу, вось мяне дом не задавальняе, вельмі дрэнныя ўмовы. Яна сказала, калі хочаш мы можам пераразмеркаваць цябе ў Валожын, або будзем шукаць табе іншы дом. Ўзяла мае дадзеныя, нумар тэлефона», – працягвае расповед малады спецыяліст.

Паабяцала, што звяжацца з Глебам. Пакуль хлопец чакаў тэлефанавання, у доме адбыўся патоп, бо ў даху – шматлікія дзіркі. Мясцовыя жыхары распавялі хлопцу, што гэты дом здавалі апошнім, таму на яго не хапіла матэрыялаў. Самастойна залатаць дах Глеб тэарэтычна можа. Але які сэнс, калі хату трэба цалкам перабудоўваць.

«Вуліца поўным ходам за сайдынгам адразу. Без якіх-небудзь дошак, без нічога. Ды і ўнізе дзірка, сайдынгу няма», – кажа Глеб.

Другі паверх абжылі птушкі ды заслалі тут дыван з памёту. У аддзеле адукацыі Валожынскага раёну пра маладога спецыяліста забыліся, ніякай дапамогі Глеб гэтак і не дачакаўся. Ён з’ехаў на здымную кватэру, але адтуль давялося вярнуцца: арандадаўца знайшоў новых жыхароў за большыя грошы. Іншых варыянтаў жытла ў вёсцы няма.

У прафсаюзе РЭП кажуць, што жытло маладых спецыялістаў мусіць адпавядаць усім патрабаванням, што выстаўляюцца да жылога памяшкання. Калі гэты пункт парушаны, варта звярнуцца да іх па дапамогу.

Яна сёлета скончыла мастацкі каледж. Бліжэйшыя два гады будзе вучыць дзяцей маляваць. Лічыць, што заробак трыста рублёў – не самае горшае, што магло з ёй здарыцца. Каб застацца ў Менску, першае месца працы дзяўчына знайшла сама. Размеркаваннем Яна нібыта задаволеная. Але дзеўчыну пужае тое, што даводзіцца не толькі займаецца творчасцю з дзецьмі, але і вырашаць будаўнічыя пытанні.

«У нашай сістэме адукацыі гэта нармальна, што ты шпаклюеш вокны, нешта падфарбоўваеш, збіраеш грошы на нейкія патрэбы гуртка. Але для мяне гэта ненармальна, таму што я нядаўна патрапіла ў гэтую сістэму. І для маладога спецыяліста – гэта крыху шок» – распавядае Яна Ганчарова.

Згодна з Працоўным кодэксам, работнік мусіць выконваць толькі тыя абавязкі, якія датычаць непасрэдна ягонай прафесійнай дзейнасці. Таму можна адмовіцца бяліць столь ці клеіць шпалеры. Дарэчы, калі наймальнікі парушаюць працоўнае заканадаўства, маладыя спецыялісты могуць звярнуцца ў працоўныя інспекцыі або суд. Калі праўда будзе на іхным баку, – яны змогуць пераразмеркавацца.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Цяжар размеркавання: жытло з мышамі і заробак у 300 рублёў
  • Ці самі паелі? Чаму беларусы вывезлі свае ягады ў Расею
  • «Пераехалі ў кватэру, а там адключылі святло»: прыгоды беларусаў у здымным жытле

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».