Ва Украіне працягваецца расследаванне справы баевіка ЛНР, які заяўляў пра супрацу з КДБ


Як стала вядома belsat.eu, украінскія праваахоўныя органы працягваюць расследаванне крымінальнай справы адносна беларускага грамадзяніна, былога баевіка ЛНР Сяргея Трафімава. Сам Трафімаў цяпер знаходзіцца на свабодзе – не выключана, што на тэрыторыі Беларусі.

4 студзені 2017 года на сайце беларускай службы Радыё Свабода выйшла інтэрв’ю былога баевіка ЛНР, ураджэнца Віцебску 33-гадовага Сяргея Трафімава. У пачатку 2000-х Трафімаў быў актывістам «Зубра» і сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У 2014 годзе ён з’ехаў ваяваць за ЛДНР, трапіў у батальён «Русь». Паводле ягоных словаў, падчас вайны ён забіў дзясяткі чалавек. Па вяртанні з Данбасу, як сцвярджаў Трафімаў, яго выклікалі на размову ў КДБ, дзе ён прапанаваў чэкістам свае паслугі ў якасці інтэрнэт-троля.

«Я ім сам прапанаваў. У мяне проста авантурны характар, самому ўсё цікава. Спытаўся: я ж блогер, ці я чымсьці магу быць карысны?.. Ну добра, сказалі, вось табе пару квэстаў – ср…(спрачацца. – ) з апазіцыяй, з прадпрымальнікамі, стварыць дзесяць фэйкавых старонак і пісаць каментары. Троліць то бок. Я зрабіў, што прасілі. Потым пытаюся: чым магу быць яшчэ карысны?.. Спачатку перапісваліся мы праз «Вконтакте», потым яны памянялі гэбэшніка, які мной апекаваўся, – перапіска пайшла праз пошту mail.ru», – распавядаў Трафімаў у інтэрв’ю, якое было дадзена журналісту Радыё Свабода ў Віцебску.

Адразу пасля публікацыі інтэрв’ю, 11 студзеня, пракуратура Луганскай вобласці абвесціла: з нагоды інфармацыі, якая з’явілася ў СМІ, распачатае следства паводле ч. 5 арт. 260 Крымінальнага кодэксу Украіны (удзел у незаконных узброенных фармаваннях, што пацягнула за сабою гібель людзей).

Як высветліў belsat.eu, следства адносна Сяргея Трафімава працягваецца.

«Следчымі следчага аддзялення Новаайдараўскага аддзелу паліцыі Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнай паліцыі ў Луганскай вобласці распачатае і здзяйсняецца дасудовае расследаванне ў крымінальнай вытворчасці па факце выяўленай у прасторах інтэрнэту інфармацыі адносна мужчыны, які ваяваў у складзе незаконных узброеных фармаванняў на Данбасе, з прыкметамі крымінальнага злачынства, прадугледжанага ч.5 арт. 260 Крымінальнага кодэксу Украіны. На дадзены момант дасудовае расследаванне па гэтай крымінальнай вытворчасці працягваецца, выконваюцца неабходныя следчыя і вышуковыя дзеянні. Канчатковае рашэнне ў крымінальнай вытворчасці на цяперашні час не прынятае, разам з тым, здзяйсняюцца ўсе неабходныя захады, скіраваныя на поўнае, хуткае і непрадузятае расследаванне. Ход расследавання кантралюецца Новаайдараўскім аддзелам Севераданецкай гарадской пракуратуры Луганскай вобласці», – адзначаецца ў адказе Севераданецкай пракуратуры на запыт «Белсату».

У дакуменце не тлумачыцца, ці накіроўвалі праваахоўныя органы Украіны запыт на выдачу Сяргея Трафімава і ці праводзіліся з ім на тэрыторыі Беларусі нейкія следчыя дзеянні.

Мяркуючы па старонцы Сяргея Трафімава «Вконтакте», экс-баявік знаходзіцца на свабодзе і рэгулярна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі. З фотаздымкаў «Вконтакте» можна зрабіць выснову, што пасля таго, як украінскія следчыя распачалі супраць яго справу, Трафімаў неаднойчы адзначаўся на тэрыторыі Беларусі. Не выключана, што ён тут стала жыве – прынамсі, у статусе гораду прыжыванне ў сацсетцы пазначаны Віцебск.

Скрыншот старонцы Сяргея Трафімава “Вконтакте”

Адзначым, што праваахоўныя органы Беларусі зняпраўджвалі заявы Трафімава, зробленыя ў інтэрв’ю Радыё Свабода ў студзені 2017 года. Як сцвярджалі сілавікі, потым на допыце ў КДБ Трафімаў адмовіўся ад словаў, сказаных журналістам – ён заявіў, што хлусіў наконт актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяннях і супрацы з органамі дзяржбяспекі «дзеля надання сябе значнасці». У сувязі з гэтым баевіку была прызначана судова-медычная экспертыза. Пры гэтым беларускія спецслужбы пацвердзілі, што Трафімаў сапраўды прапаноўваў свае паслугі КДБ, аднак чэкісты нібыта адмовіліся. Таксама праваахоўнікі пацвердзілі, што Трафімаў служыў у фармаваннях ЛНР, аднак адзначылі, што ён дэ-факта не ваяваў, а пераважна рамантаваў танкі ды нёс вартавую службу аховы вайсковых аб’ектаў. Падставаў да прыцягнення Трафімава да крымінальнай адказнасці беларускія сілавікі не знайшлі.

Hавiны
«Мяне беларускія ўлады не выдадуць». Чаму неанацыст, якога вінавацяць у ваенных злачынствах, бесперашкодна наведвае Беларусь?
2018.11.08 15:45

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў