Прэм’ера «Белсату»: фільм «Міхаіл Жызнеўскі. Воін святла» даступны онлайн


На «Белсаце» – прэмʼера стужкі «Міхаіл Жызнеўскі. Воін святла».

Фільм, створаны Міхасём Аршынскім пры падтрымцы «Белсату» распавядае пра жыццёвы шлях Міхаіла Жызнеўскага, які абараняў незалежнасць Украіны і трагічна загінуў на Майдане. Дакумент будуецца на ўспамінах і аповедах паплечнікаў, сяброў і родных Міхаіла.

Міхаіл Жызнеўскі нарадзіўся ў Гомлі ў 1988-ым годзе. З юнацтва ён захапляўся гістарычнай рэканструкцыяй. Пачаў займацца фехтаваннем і стварэннем амуніцыі ў мясцовым Доме моладзі.

У 17-гадовым узросце выехаў ва Украіну. Напачатку было цяжка: не было працы, жытла, знаёмых. Пераломным момантам стаў пераезд у Белую Царкву. Услед за сябрам ён трапіў у шэрагі ўкраінскай арганізацыі УНСО.

«У яго быў талент да баёў на мячах. Талент да цялеснай сілы. Ён быў фізічна моцны і трэнаваны. Ён умеў біцца мячамі, шчытамі. Менавіта гэта было ягоным велізарным бонусам на Майдане, бо ў першых шэрагах былі хлопцы з гістарычных рэканструктараў, якія ўмелі самі рабіць амуніцыю», – распавядае адзін з паплечнікаў Міхаіла Аляксандр Паціха.

Жызнеўскі таксама быў чальцом страйкбольнай кампаніі «Griffins», дзе адпрацоўваў навыкі, неабходныя ў баі. На Майдан ён паехаў у статусе камандзіра Белацэркоўскай УНСО і быў прадстаўніком Самаабароны.

Нягледзячы на вялікі досвед у рэканструкцыі і імправізаваных баях, Міхаіл быў вельмі стрыманым і адказным чалавекам, верыў у сваю справу. Ён паходзіў са звычайнай сям’і, але адрозніваўся ад усіх не сваім паходжаннем, а ўнутранымі характарыстыкамі: быў упарты, смелы і напорысты.

Аляксандр Паціха:

«Гэта быў чалавек настрою, чалавек аднаго дня. Быў вясёлым і трохі несурʼёзным, але вельмі добрым. Каб яго абразіць трэба было вельмі пастарацца. Ён любіў і гульнуць, як усе маладыя. Калі б не распавядаў, што з Беларусі, яго б прымалі за мясцовага».

На Майдане Міхаіл прадстаўляўся Аляксеем і меў пазыўны «Локі».

«Маёр Макс»:

«Паводле спецыфікі арганізацыі, пры знаёмстве ты называеш альбо псеўданім альбо выдуманае імя. Да апошняга дня, да ягонай смерці я не ведаў, што праўдзівае імя «Локі» – Міхаіл Жызнеўскі. Не рэвалюцыя, а глабальныя змены нясуць ахвяры. На жаль, адным з першых загінуў «Локі». Ніхто не думаў, што пачнуць страляць. Міша апынуўся наперадзе… Атрымліваецца, што першая куля была яго…»

Міхаіл Жызнеўскі трагічна загінуў 22 студзеня 2014 года ад стрэлу ў сэрца на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве.

Андрэй Выгоўскі, сябра Міхаіла:

«Вайна як і рэвалюцыя забірае найлепшых. Не важна, які жыццёвы шлях быў у асобы. Інтэлігентам ён быў ці сіратой, бедным ці багатым. Усё залежыць ад яго духоўнага стану. Часцей за ўсё забіраюць людзей з душой».

Рэжысёр Міхась Аршынскі. Фота Рамана Куранкова
Рэжысёр Міхась Аршынскі. Фота Рамана Куранкова

Пра ідэю фільму «Белсату» распавёў рэжысёр стужкі Міхась Аршынскі.

Якія складанасці пры працы над фільмам, чаму менавіта гэтая тэма?

– Пачалося ўсё з праекту «Маладыя пра маладых», які праходзіў у 2014 годзе ў Кіеве і Варшаве. За час майго знаходжання ў Кіеве, я сустрэўся з паплечнікамі Жызнеўскага, даведаўся пра яго шмат новага. Праз год у мяне зʼявілася магчымасць стварыць фільм пры падтрымцы «Белсату». Ну і што сказаць, я акунуўся ў працу з галавой.

Фільм створаны шмат у чым дзякуючы ягоным сябрам. У фільме можна знайсці шмат новага. Для мяне было важна развянчаць як міфы, якія ўзніклі ў розных СМІ пасля забойства Міхаіла, так і павярхоўныя меркаванні, заснаваныя на няведанні ўсіх абставінаў, якія адбываліся ў ягоным жыцці. Вельмі шмат рэчаў засталося за кадрам. Я быў абмежаваны часам і стараўся паказаць найбольш важныя вехі ў жыцці героя. Я хацеў стварыць фільм для звычайнага гледача і выклікаць пачуццё суперажывання за простага хлопца з Беларусі.

 Дзеля чаго паўстаў фільм?

– Для мяне галоўнае – шчырасць. Не важна, чые інтарэсы яна закране, але праўда надзвычай каштоўная. Мне было важна перадаць яго рэальную гісторыю. Усё ў нашым жыцці неадназначна. Наша жыццё – пастаянная барацьба супрацьлегласцяў, і мы заўсёды стаім перад выбарам, на якую дарогу звярнуць. Гэтак і гісторыя Міхаіла. Неверагодна драматычная гісторыя хлопца, які падлеткам без ведама бацькоў зʼехаў са сваім сябрам ва Украіну, меў сувязь з крыміналам, які вымушаны быў займацца «цёмнымі справамі». Гісторыя раскаяння, прыход у царкву і змена жыццёвых каштоўнасцяў і прыярытэтаў. А пасля – уступленне ва «УНА УНСО» і гераічная смерць на Майдане. Праблема бацькоў і дзяцей, сяброўства і таварыства.

Стужка навінаў