Харватыя выводзіць гандбольную зборную Беларусі ў асноўны раўнд чэмпіянату Еўропы!


У заключным матчы стартавага раўнда чэмпіянату Еўропы ў польскім Катавіцэ зборная Беларусі з лікам 27:29 саступіла зборнай Нарвегіі. Лёс нашай нацыянальнай каманды быў у руках Харватыі, якая гуляла з камандай Ісландыі, толькі перамога балканцаў выводзіла беларусаў у наступны раўнд, любыя іншыя варыянты адпраўлялі нашых землякоў дадому.

Дружына былога галоўнага трэнера берасцейскага БГК імя Мяшкова Жэлька Бабіча не падвяла, атрымала перамогу з лікам 37:28 і цяпер абедзве дружыны пераязджаюць у Кракаў, дзе працягнуць барацьбу за медалі.

Нагадаем, што Беларусь пачала турнір з паразы ад харватаў 21:27, а затым абгуляла Ісландыю 39:38. Перад заключным турам усе чатыры ўдзельнікі групы мелі па два пункты і кожны з іх мог зʼехаць дадому. Беларусы вельмі ўпэўнена пачалі гульню супраць Нарвегіі, калі вялі 6:2 у дэбюце гульні, выграваючы 13:12 каманда Юрыя Шаўцова пайшла і на перапынак, але пасля яго гаспадарамі на пляцоўцы былі скандынавы, якія давялі сваю перавагу да шасці мячоў, і толькі ў самай канцоўцы беларусы змаглі скараціць адставанне да двух галоў.

Беларусі заставалася чакаць і верыць. А браму нарвежцаў бралі наступныя гульцы зборнай Беларусі: Рутэнка – 9, Шыловіч – 7, Пухоўскі – 5, Баранаў – 4, Нікуленкаў, Каралёк – па 1. Дарэчы, Сяргей Рутэнка, які закінуў дзевяць мячоў, з 25 галамі выйшаў у лепшыя бамбардзіры чэмпіянату Еўропы. Рутэнка ўжо станавіўся лепшым бамбардзірам чэмпіянату Еўропы, калі ў 2006 годзе выступаючы за Славенію закінуў 51 гол.

Выніковае становішча ў групе В, дзе выступалі беларусы наступны: 1. Нарвегія – 4 пункты. 2. Харватыя – 4. 3. Беларусь -2. 4. Ісландыя – 2.

Нарвегія, Харватыя, Беларусь у асноўным раўндзе будуць гуляць у Кракаве, дзе іх супернікамі будуць Польшча, Францыя і Македонія. 21 студзеня зборная Беларусі згуляе з Францыяй, 25-га з Польшчай, 27-га з Македоніяй.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Фота by.tribuna.com

Стужка навінаў