Актывіста Максіма Вінярскага аштрафавалі на BLR 10,5 млн


Суддзя прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце, пакараўшы Вінярскага штрафам у 50 базавых велічынь.

Адміністрацыйныя справы ў дачыненні да яго, а таксама да яшчэ аднаго апазіцыйнага актывіста Аляксандра Макаева былі распачатыя па артыкуле 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за ўдзел у акцыі, якая прайшла ў Менску 24 лістапада і была прысвечана памяці зніклых апазіцыйных палітыкаў і гадавіне канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года.

Макаева судзілі ў першай палове дня 19 студзеня, і суддзя Аляксандр Петраш прыгаварыў яго да штрафу ў 45 базавых велічынь (9 450 000 рублёў).

Максіма Вінярскага судзілі ў другой палове дня. Як удакладняе праваабарончы сайт spring96.org, у пачатку судовага пасяджэння Вінярскі заявіў адвод у сувязі з незаконным, на яго думку, прысудам Аляксандру Макаеву. «Я лічу, што вы сваімі дзеяннямі праводзіце палітычную правакацыю», — сказаў ён суддзі. У выніку Вінярскага аштрафавалі на 50 базавых велічынь.

5 студзеня актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі быў прызнаны судом вінаватым у двух адміністрацыйных правапарушэннях: нібыта за непавагу да суддзі ды за ўдзел у пратэстах.

ДР, belsat.eu паводле belapan.by

Стужка навінаў