Беларусь – хаўруснік Пуціна і ахвяра Лукашэнкі


Гісторыкі будучыні яшчэ вызначацца, калі пачалася новая халодная вайна ў палегчанай версіі: ці то з агрэсіі Крамля супраць Украіны, ці пазней, калі пайшлі ўзаемныя санкцыі і вярнулася гонка ўзбраенняў. Канфлікт у версіі лайт, бо Расея – не Савецкі Саюз, ды і Захад не такі адзінагалосны, як раней. У чым гісторыкі дакладна не будуць сумнявацца, дык гэта ў здольнасці ўладаў Беларусі да апошняга ўхіляцца ад прыняцця канкрэтнага боку ў гэтым канфлікце.

Пра будучыню беларускай шматвектарнасці і ці зможа Менск надалей атрымліваць дывідэнды з агрэсіі Расеі супраць Украіны. Каментуюць народны дэпутат Украіны Мустафа Наем, вайсковы аналітык з Кіева Міхайла Самусь і кіраўнік цэнтру «Еўразійскія дзяржавы ў пераходны перыяд» Андрэй Елісееў.

Не прайшло і двух тыдняў ад Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў Магілёве, а ў гэтыя сераду і чацвер – ледзь не аналагічная імпрэза з рэгіёнамі ўкраінскімі. Ізноў словы пра сяброўства, хаця яшчэ нядаўна Лукашэнка абураўся з кантрабанды, якая нібыта ідзе ў Беларусь ад паўднёвых суседзяў, і распавядаў пра адданасць хаўрусу Расеяй. Ва Украіне гэтым нікога не здзівіш.

«Адныя разглядаюць Бларусь як найбліжэйшага хаўрусніка РФ у дачыненні Украіны. Іншыя – я сярод іх – як ахвяру дамоўленасцяў Аляксандра Рыгоравіча і Уладзіміра Уладзіміравіча», – кажа народны дэпутат Украіны Мустафа Наем.

Крамлёўскія кіраўнікі не аднойчы абураліся, што гэта яны ахвяра хаўрусніцкай дамовы. Маўляў, мы фінансуем Менск, а той не прызнае далучэння Крыму, гандлюе з Украінаю – практычна запраўляе іхныя танкі. Летась Беларусь заняла 70 % украінскага рынку нафтапрадуктаў.

«Я думаю, што Беларусь імкнецца дзейнічаць як мага далей ад Расеі, намагаючыся не ўступаць у канфлікт з Украінай, там дзе можна – натуральна, зарабляючы на гэтым», – гаворыць віцэ-дырэктар Цэнтру даследавання войска, канверсіі і раззбраення Міхайла Самусь.

Зарабляем на расейскіх харчовых санкцыях, збіраем вайскова-транспартныя МАЗы ў Чаркасах, дзе іх называюць «Багданамі», прадаем нафтапрадукты, якія атрымліваем без мыта з Расеі. Здаецца, што чым суседзям горай, тым больш у Менску магчымасцяў зарабіць.

«Наколькі атрымаецца весці такую ўдалую замежную палітыку, калі адносіны паміж Захадам і Расеяй будуць пагаршацца, цяжка прадказаць. Калі стаўкі ў гэтай гульні будуць расці, то любая памылка можа прынесці вялізарную шкоду для краіны, для рэгіёну», – мяркуе Андрэй Елісееў з даследчага цэнтру «Eurasian States in Transition».

То бок калі Вашынгтон з Масквою вернуцца да гонкі ўзбраенняў (а першы крок – разарванне Дамовы аб ліквідацыі ракетаў малой і сярэдняй дальнасці – ужо анансаваны), зарабляць на канфлікце стане яшчэ цяжэй. Адмыслоўцы звяртаюць увагу на тое, што Масква ўжо цяпер намагаецца перашкодзіць менскаму гешэфту на вайне.

«Расея на мінулым тыдні абвесціла пра ўвядзенне санкцыяў супраць Украіны. І гэтыя санкцыі датычаць менавіта тых галінаў, якія маглі б быць выкарыстаныя Беларуссю для развіцця нейкіх дачыненняў. То бок, калі беларуская кампанія цяпер пачне супрацоўнічаць з украінскаю, гэта пацягне аўтаматычныя другасныя санкцыі», – адзначае Міхайла Самусь.

Між іншага, пра магчымасці афіцыйнага Менску ўхіліцца ад дырэктывы з Крамля размаўлялі на Варшаўскім форуме бяспекі. Імпрэза сабрала тысячу ўдзельнікаў – адмыслоўцы і палітыкі з усяго нашага рэгіёну. З Беларусі не было ніводнага са 150 выступоўцаў. З Расеі ў дыскусіях удзельнічалі дзве асобы. Прысутныя ж адмыслоўцы ў адказ на словы пра незалежную замежную палітыку Менску толькі пасміхаюцца.

«На жаль, я мушу быць рэалістам і сказаць, як гэта выглядае з боку стратэгічнага планавання. Мы разглядаем мяжу з Беларуссю гэтак жа, як і мяжу з Калінінградам. Іншымі словамі, свабода перасоўвання расейскіх войскаў па Беларусі, ну… вельмі вялікая», – кажа прэзідэнт польскага Фонду Казімежа Пуласкага, арганізатар Варшаўскага форуму бяспекі Збігнеў Пісарскі.

Шэраг экспертаў у нашай краіне і за яе межамі звяртае ўвагу на тое, што той жа Крымскі, ці Данбаскі сцэнар у Беларусі немагчымы. Маўляў, занадта моцная аўтарытарная ўлада, няма ў нас этнічных канфліктаў дый войска ў куды лепшым стане. Але ці гэта галоўнае?

«Калі чалавек глядзіць расейскія тэлепраграмы, расейскую аналітыку, расейскія забаўляльныя шоу, расейскую музыку і фільмы, атрымліваецца, што чалавек як бы жыве на гэтай зямлі, але ягоная свядомасць – у Расеі», – гаворыць Міхайла Самусь.

Улады Беларусі прызнаюць, што кантэнт расейскіх СМІ ў беларускай медыяпрасторы сягае ледзь не двух трацінаў. З іншага боку, пра небяспеку для нашай краіны кажуць ужо пяты год, а нічога страшнага, падаецца, не адбываецца. Але на форуме папярэджваюць, што памятаць пра найгоршы сцэнар – неабходна.

«Беларусь – апошняя краіна постсавецкай прасторы, якой Расея можа яшчэ пагражаць такімі рэчамі. Усе астатнія краіны ўжо праз гэта прайшлі. Грузія, Арменія, вось Украіна. Усе гэтыя краіны атрымлівалі падобныя пагрозы і на ўласным досведзе пераконваліся, што такія пагрозы – рэальныя», – сцвярджае Мустафа Наем.

Гэтыя пагрозы канчаліся рэальным ваенным канфліктам з рэальнаю стратаю тэрыторыі. А калі не быць гатовымі да такога сцэнара, то можна страціць і ўсю краіну.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Стужка навінаў