Парашэнка: мы не хочам, каб Расея выкарыстала Беларусь для таго, каб зайсці нам у фланг


Падчас візіту ў Гомель на Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны прэзідэнт Пятро Парашэнка заявіў, што беларуска-украінская мяжа з’яўляецца для Кіева вельмі важнай.

«Гэта мяжа сяброўства, і мы ні ў якім разе не павінны дапусціць, каб для Украіны з тэрыторыі Беларусі была якая-небудзь пагроза. Мы не чакаем, ведаем, што гэтага не будзе і вядома мы не хочам, каб Расея выкарыстоўвала Беларусь для таго, каб зайсці нам у фланг», – сказаў Парашэнка, сустракаючыся з беларускімі ўкраінцамі ў Гомлі.

Падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Парашэнка таксама заявіў, што беларуска-ўкраінская мяжа мусіць быць выключнай мяжой міра і сяброўства. «І вы, і я робім для гэтага максімальныя намаганні», – адзначыў ён.

«Паміж Украінай і Беларуссю ёсць давер, паміж Лукашэнкам і Парашэнка ёсць давер. І я абсалютна перакананы, што гэты давер выльецца ў бяспеку, надзейнасць, сяброўства і супрацу», – заявіў украінскі лідар.

Парашэнка таксама адзначыў важнасць каардынацыі дзеянняў Украіны і Беларусі ў тым ліку на вонкавай арэне, у пытаннях бяспекі, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў